Вуліца Зельна ў Варшаве. У адным з гэтых будынкаў пройдзе беларускі фестываль. Фота: wikipedia.org
Арганізатары фестывалю Pradmova апублікавалі праграму мерапрыемстваў, якія адбудуцца ў Варшаве 12-16 лістапада. І гэта каля 70 імпрэзаў на чатырох варшаўскіх пляцоўках — канцэрты, спектаклі, дыскусіі і майстар-класы (у асноўным літаратурныя, але адзін — тэкстыльны), прэзентацыі кніг. Пра дзяцей таксама не забыліся.
Наведаць усё, здаецца, фізічна немагчыма, але на youtube-канале Рradmova звычайна выкладаюць запісы падзей. Кожны знойдзе сваё…
Фестываль распачнецца 12 лістапада з музычна-тэатралізаванай прэзентацыі праекта Filamaty, падрыхтаванага творцамі з гуртоў Relikt і Syndrom Samazvanca, які спалучае рок-музыку, паэзію, тэатр, відэапраекцыі і святло. У тэкстах Уладзя Лянкевіча супастаўляюцца лёсы ўдзельнікаў таемнага таварыства філаматаў ХІХ стагоддзя з досведам беларускіх студэнтаў, якія пайшлі супраць сістэмы ў наш час.
Гэта адзіная імпрэза, на якую патрэбныя квіткі. Пройдзе яна ў Ursynowskie Centrum Kultury «Alternatywy» у Варшаве.
На наступны дзень, у пятніцу, з дапамогай электроннай музыкі (за пультам PapaBo) адбудзецца пагружэнне ў свет культавага рамана «Дом, у якім…» Марыям Петрасян. Абяцаюць паўнавартасны DJ-сэт, танцпол і падарожжа па тэрыторыі, дзе рэальнасць сустракаецца з уяўленнем. Гэта падзея для тых, хто ўжо жыў у гэтым Доме, і для тых, хто пакуль толькі стаіць на яго парозе. Імпрэза пройдзе 13 лістапада ў Dom Spotkań z Historią (ul. Zielna 39).
У нядзелю ў Касцёле Святога Аляксандра (Plac Trzech Krzyży) будзе гучаць «Паэтычная кантата» Вольгі Падгайскай.
13 лістапада у 17.00 у Доме сустрэч з гісторыяй (Dom Spotkań z Historią, ul. Zielna 39, 4 паверх) пачнецца ўрачыстае адкрыццё варшаўскай Pradmova. Удзельнічаюць: аргкамітэт фестывалю, ганаровыя госці і партнёры, дзіцячы хор «Мара». Вядучая Крысціна Дробыш.
У дыскусіі «Класікі, якіх мы (не) выбіралі: хто і як фарміруе беларускі літаратурны канон?» Сяргей Шупа, Валянціна Андрэева, Ціхан Чарнякевіч і мадэратарка Марына Казлоўская паразважаюць пра тое, як сёння фарміруецца беларускі літаратурны канон і якая роля ў гэтым працэсе адводзіцца розным актарам? Ці ёсць у беларускім літаратурным каноне месца для перакладной літаратуры і хто вызначае, якія творы вартыя таго, каб стаць яго часткай?
Падчас дыскусіі «Культура памяці: як беларусы вяртаюць сабе мінулае і ўмацоўваюць ідэнтычнасць» Ігар Станкевіч, Цімох Акудовіч, Сяргей Будкін, Павел Мацукевіч і мадэратарка Марына Казлоўская пагавораць пра тое, хто і як фарміруе гістарычныя наратывы, якую ролю ў гэтым адыгрываюць дзяржаўныя інстытуцыі, культура, адукацыя і грамадскія ініцыятывы. Абмяркуюць, як працаваць з траўматычнай спадчынай, не зводзячы гісторыю толькі да стратаў і паразаў, як перадаваць памяць наступным пакаленням і які вобраз беларусаў мы ствараем праз асэнсаванне мінулага.
Ці можна знайсці свой шлях у літаратуры, не падпарадкоўваючыся аўтарытэтам, выдавецкім іерархіям і правілам літаратурнага асяроддзя? Павел Анціпаў і Цімур Кудзеліч паразважаюць пра творчасць па-за мэйнстрымам, свабоду ад прызнання і прэмій, поспех на маргінэсе і цану незалежнасці. А таксама паспрабуюць адказаць на пытанне: навошта пісьменніку заставацца па-за сістэмай?
Падчас наступнай сустрэчы Павел Анціпаў і Вячаслаў Кміт разгледзяць ананімнасць у сучаснай беларускай літаратуры. Сёння часта немагчыма назваць сапраўднае імя аўтара кнігі: хтосьці хаваецца пад псеўданімам, хтосьці застаецца зусім ананімным. Гэта вымушаная асцярожнасць з-за бяспекі і сваякоў у Беларусі ці ўжо новая норма літаратурнага працэсу, з якой давядзецца жыць далей? Калектыў выдавецтва «Лысы Чэрап» пагаворыць пра тое, як выдавецтва прымае рашэнне працаваць з ананімным аўтарам, што мяняецца ў адносінах паміж аўтарам, рэдактарам і чытачом, калі імя невядомае, і ці можа ананімнасць стаць не толькі абаронай, але і асобным літаратурным жэстам.
Вікця Удовіна (анлайн) і Цімур Кудзеліч абмяркуюць, ці сапраўды сюжэтная проза саступае месца аўтафікшну, літаратурным эксперыментам і гульням з формай? І ці азначае гэта, што чытачам больш не патрэбныя гісторыі? На прыкладзе твораў Евы Вежнавец, тоні лашдэн, Сашы Філіпенкі і Святланы Алексіевіч у дыскусіі пад назвай «Смерць «Слана»: сюжэт пераацэнены. Што мы шукаем у літаратуры?» паразважаюць пра змены ў сучаснай беларускай літаратуры, чытацкія чаканні, размыванне межаў паміж прозай і паэзіяй.
Як цяпер пісаць пра беларускую літаратуру? Як сёння даследуюць беларускую літаратуру і якія новыя падыходы выкарыстоўваюць літаратуразнаўцы? На прыкладзе чатырох публікацый Працоўні тэатра і драматургіі кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта ўдзельнікі сустрэчы пазнаёмяцца з актуальнымі кірункамі літаратуразнаўчых даследаванняў, іх метадамі і вынікамі. З удзелам Інэсы Кур’ян.
На фестывалі чакаецца пад 40 прэзентацый і абмеркаванняў кніг, у асноўных выдадзеных нядаўна.
Падчас прэзентацыі кнігі драматычных паэм «Літвіны» Уладзіміра Някляева адбудзецца акторскае чытанне Кацярыны Ваданосавай і Васіля Калача.
На прыкладзе новай кнігі «Беларусь – гэта святое» Павел Севярынец раскажа пра беларускую ідэнтычнасць, памяць і адчуванне Бацькаўшчыны ва ўмовах няволі і эміграцыі. Падчас сустрэчы наведвальнікі ўбачаць арыгіналы малюнкаў, створаных аўтарам у зняволенні для сям’і, пачуюць вершы ў выкананні яго жонкі Вольгі і сына Францішка.
Павал Мажэйка, Зміцер Гурневіч і мадэратар Яраслаў Іванюк распавядуць пра працу над кнігай «Стаць у праломе мура», якое складаецца з вялікага інтэрв’ю з Зянонам Пазняком, што ахоплівае амаль паўстагоддзя беларускай гісторыі: ад нацыянальнага адраджэння і барацьбы за незалежнасць да эміграцыі, а таксама асабістыя ўспаміны і сямейныя гісторыі.
Да 40-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы выдавецтва «Пфляўмбаўм» выдала анталогію «Пакаленне Чарнобыля: галасы з Беларусі і Украіны». На адмысловай сустрэчы пагавораць пра тое, як памяць пра катастрофу жыве ў літаратуры, як пра яе пісаць і гаварыць сёння і чаму гэтыя гісторыі важна казаць менавіта цяпер.
Эльжбета Смулкова, Валер і Таццяна Каліноўскія, Растыслаў Хоцін прэзентуюць кнігу Эльжбеты Смулковай «Mówię ci, piesku… o Katyniu, Sybirze i naszym powojniu».
На прыкладзе кнігі Анэты Прымакі-Онішк «Камяні мусілі паляцець. Зацёртая мінуўшчына Падляшша» закрануць тэмы бежанства, пасляваенных перасяленняў, гвалту і замоўчаных сямейный гісторый.
З аўтарам кнігі «Хвілінка» пагавораць пра падарожжы праз гарады і эпохі: Менск і Варшава, Берлін і Вільня, 80-я і сённяшні дзень.
Тэатразнаўцы Ірына Лаппо і Настасся Панкратава, прачытаўшы кнігі адна адной «Kupałowcy. Teatr narodowy na wygnaniu» і «(Не)выкраслены: Беларускі тэатр 2015–2025. Выбраныя старонкі», паразважаюць пра страты і здабыткі беларускага тэатра, новыя спектаклі, мастацкія пошукі і адносіны з аўдыторыяй. А таксама пра тое, ці можа тэатр у выгнанні заставацца нацыянальным і якой бачыцца будучыня беларускай сцэны.
Наста Карнацкая пагаворыць з Таняй Арцімовіч з нагоды яе кнігі «Маніфест Гародніцы». У сваім літаратурна-культуралагічным эсэ Таня Арцімовіч звяртаецца да ўласных каранёў, каб адказаць на пытанне, а як магла б выглядаць гэтая лепшая, радыкальна іншая будучыня. Будучыня, якая б паклала канец эпосе сацыяльнага дамінавання і няроўнасці. Ці магчымае грамадства, якое не грунтуецца на эксплуатацыі чалавецтвам іншых жывых істот і рэсурсаў? І як дамагчыся такой будучыні?
Пасля дэбютнага рамана «Халодныя землі», які ўвайшоў у кароткі спіс прэміі Гедройця, Аляксандр Карнаўх вяртаецца з новай кнігай «Той, хто дае імёны», у якой спрабуе стварыць незвычайны эпас – на мяжы гісторыі, міфа і забытых традыцый.
«Імёны Свабоды» ад Уладзіміра Арлова – гэта 450 новых гісторый беларускай годнасці і надзеі. Хто яны – людзі, якія ў розныя эпохі змагаліся за свабоду і незалежнасць Беларусі? Падчас сустрэчы аўтар раскажа пра працу над кнігай, пошук забытых гісторый і пра тое, чаму называе свой праект «кнігай аптымізму».
З нагоды перакладу «Silva Rerum» Крысціны Сабаляўскайце перакладчык Сяргей Шупа з мадэратарам Марынай Казлоўскай паразважае, каму належыць спадчына Вялікага Княства Літоўскага, як яе асэнсоўваюць сучасныя літоўскія аўтары і што змяняецца, калі гэтая гісторыя пачынае гучаць па-беларуску.
Зборнік коміксаў «Праз краты» («Вясна») – гэта спроба ўявіць, якімі маглі б быць лісты не да палітвязняў, а ад іх, напісаныя з-за кратаў на волю. У зборнік увайшлі чатыры гісторыі былых палітвязняў, для якіх маляванне было спосабам асэнсаваць асабісты досвед зняволення. Можна спыніць лісты, але кожная старонка зборніка нагадвае: салідарнасць мацнейшая за рэпрэсіі. Удзельнічаюць: Марына Кастылянчанка, Мікіта Сеннікаў, Алесь Папковіч.
На прыкладзе новай кнігі ««Мы як тыя прамацеркі«. Сляды авангардаў у савецкай Беларусі» даследчыца і куратарка Таня Арцімовіч раскажа пра сувязі паміж авангардам 1920-х, нонканфармісцкім мастацтвам 1980-х і сучаснымі мастацкімі практыкамі. Мадэратарка Вольга Мжэльская.
Выдавецтва hochroth Minskпрадставіць чатыры кнігі ўкраінскай паэзіі ў беларускіх перакладах – Сяргея Жадана, Юрыя Іздрыка, Максыма Крыўцова і Ірыны Шувалавай. Падчас сустрэчы Андрэй Хадановіч, Наталля Русецкая, Вольга Франко (анлайн), Алесь Плотка і мадэратар Дзмітрый Строцаў закрануць літаратуру ваеннага часу, яе ролю ў захаванні памяці і нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама пра пераклад як спосаб падтрымкі Украіны і стварэння культурных сувязяў паміж нашымі народамі.
У анталогіі «Іду да вас, людзі» сабраныя эсэ васямнаццаці сучасных беларускіх аўтарак: тых, што засталіся ў Беларусі, і тых, каму пасля 2020 года з-за ўзмацнення палітычных рэпрэсій, давялося выехаць і жыць за яе межамі. На сустрэчы Юлія Арцёмава, Таня Арцімовіч, Марыя Лапо і мадэратарка Алена Пятровіч пагавораць пра тое, што значыць быць суседам сёння, калі адных людзей раздзяляюць межы, а іншых яднае мова і літаратура.
Ігар Кулікоў прадставіць сваю апошнюю кнігу вершаў «Горад N.». Яна пра Менск, Вільню, Варшаву ды іншыя гарады й мястэчкі, якія патрапіліся аўтару на дарозе ў нетутэйшую далечыню. Зборнік уключае адзін пераклад: верш літоўскага паэта Генрыкаса Радаўскаса «Вяртанне». На сустрэчы ён будзе разгорнуты ў цэлую нізку перакладаў з літоўскай, над якою Ігар цяпер плённа працуе.
Адпраўным пунктам чарговай размовы стане беларускі пераклад кнігі філосафа Бён-Чхоль Хана «Дух надзеі. Супраць грамадства страху», у якой надзея паўстае як актыўная сіла, здольная змяняць рэальнасць. Былыя ўдзельніцы каманды стратэгічных камунікацый офіса Святланы Ціханоўскай і StratComLab падзеляцца досведам працы з грамадскімі настроямі і вобразам будучыні Беларусі пасля 2020 года. Удзельнічаюць: Наста Рагатко, Анастасія Касцюгова, Аляксандра Логвінава.
Стас Ільін, Васіль Калач і мадэратар Павел Лягчылаў прэзентуюць кнігу «Водбліскі К«» (выдавецтва «RozUM Media»). Чаму пісьменнік адыходзіць ад рэалістычнай прозы і асабістага досведу ў свет фантазіі і літаратурнага эксперыменту? Гэта спроба ўцячы ад рэальнасці, форма ўнутранай эміграцыі ці натуральная творчая эвалюцыя?
Уладзімір Грамовіч прэзентуе кнігі VEHA «Руіны Беларусі», якая каталагізуе руіны Беларусі – шнары, што захоўваюць памяць пра перарваныя гісторыі. Куратарка праекта Леся Пчолка раскажа пра метад працы архіва VEHA, канцэпцыю выдання і магчымасці далучыцца да новага этапу праекта.
Рэдактары Дар’я Бялькевіч, Артур Камароўскі і Ганна Шакель прадставяць папяровы нумар часопіса сучаснай паэзіі Taubin.
Украінскі акцэнт: кнігі «Сож» і Antares, анталогія ўкраінскага Расстралянага Адраджэння па-беларуску. «Сож» – украінская версія кнігі Bloodlands 2020/2022 Belarus/Ukraine, якую пераклаў сябра беларускай культуры Вячаслаў Лявіцкі. Гэта першы з 2021-га году пераклад з беларускай на ўкраінскую мову, які працягвае гуманітарную місію арыгінала, збор данатаў для кліентаў цэнтра рэабілітацыі «Ланка» ва Украіне. Antares – анталогія ўкраінскага Расстралянага адраджэння па-беларуску, білінгва, што сабрала пад адной вокладкай працы 26 аўтараў, рэпрэсаваных савецкай уладай. Удзельнік – Алесь Плотка, суаўтар першай кнігі і ўкладальнік другой.
Адпраўным пунктам чарговай дыскусіі стануць кнігі Віктара Шадурскага «Нараджэнне беларускага Левіяфана» і «Зямля пад шэрымі крыламі», прысвечаныя станаўленню аўтарытарнай палітычнай сістэмы ў Беларусі. Віктар Шадурскі, Аляксандр Смалянчук і Алесь Пашкевіч абмяркуюць, як даследаваць найноўшую гісторыю краіны ва ўмовах абмежаванага доступу да крыніц, наколькі можна давяраць асабістым успамінам і сведчанням і як аддзяляць гістарычны аналіз ад палітычнай публіцыстыкі.
Кацярына Ваданосава прадставіць свой новы паэтычны зборнік «Рэха дому» з ілюстрацыямі Аляксандры Канафальскай. Падчас сустрэчы аўтарка і мастачка паразважаюць пра дом, памяць, страту і жыццё паміж «тут» і «там».
Выдавецтва VESNA прадставіць заключны том трохтомнай манаграфіі «Гісторыя рознічнага гандлю ў Беларусі», прысвечаны ХХ стагоддзю. Падчас сустрэчы даследчыкі раскажуць, як змяняўся гандаль у савецкі і постсавецкі час, што адбывалася па-за межамі афіцыйнай эканомікі і як праз гісторыю паўсядзённых пакупак можна па-новаму ўбачыць жыццё беларусаў.
Чаму ўспаміны Марка Шагала «Сваё» трэба чытаць не толькі праз прозвішча на вокладцы? Усе ведаюць Марка Шагала – хэштэг, налепка, прынт на цішотцы: гэта наша. Выдавец Павел Анціпаў і перакладчык Сяргей Шупа пагавораць пра тое, чаму тэкст Шагала жывы і сёння, што новага ў ім можна прачытаць і навошта беларускаму чытачу гэтая кніга тут і цяпер.
Падчас прэзентацыя польскамоўнага выдання кнігі Алеся Бяляцкага «Алесь» пагавораць пра чалавека па-за яго публічным вобразам, асабісты выбар, супраціў і салідарнасць. А таксама пра тое, як расказаць беларускую гісторыю польскаму чытачу, што ў ёй патрабуе тлумачэння, а што зразумелае без перакладу. З удзелам Алеся Бяляцкага, мадэратарка Таццяна Нядбай.
«Эпічны Лявон» – так называецца сустрэча з Лявонам Баршчэўскім, перакладчыкам антычнай літаратуры (выдавецтва «Полацкія Лабірынты»). Лявон Баршчэўскі прадставіць свой пераклад «Адысеі» Гамера і раскажа пра шматгадовую працу з антычнай літаратурай. З мадэратаркай Таццянай Нядбай паспрабуюць адказаць на пытанне: навошта сённяшняму беларускаму чытачу Гамер і навошта Гамеру беларуская мова?
Яна Гульцяева прадставіць свой дэбютны твор «Linea lateralis» (выдавецтва «Surma») і раскажа пра гісторыю яго стварэння, галоўныя тэмы і асаблівасці мастацкага афармлення, а таксама прачытае выбраныя ўрыўкі.
Арцём Шуканаў, аўтар рамана «Пентаквантар», які сёлета стаў адным з пераможцаў прэміі Гедройця, і Яўген Анашкін, аўтар раман «Норадрэналін», хоць і працуюць у адным жанры – фантастыкі, але маюць даволі розныя падыходы. Тэкст Шуканава ахоплівае надзвычай шырокую прастору, мае трох галоўных герояў, аповед пра якіх чаргуецца, і стварае грунтоўную аснову для развіцця сусвету. Раман Анашкіна лінейны, сусвет лаканічны, а месца абмежавана адным, даволі безаблічным горадам. Тым не меней, кожны з метадаў рашае ўласную творчую задачу. Запрашаюць паразмаўляць з пісьменнікамі пра іх метады, параўнаць іх, убачыць на свае вочы, як ствараецца раман.
Даследчыца Вольга Сямашка прадставіць сваю кнігу «Могілкі беларусаў Падляшша» і пакажа, як праз надпісы, сімвалы і пахавальныя традыцыі можна аднавіць малавядомыя старонкі гісторыі рэгіёна. Падчас мультымедыйнай лекцыі пагавораць пра могілкі не толькі як месцы пахавання, але і як прасторы памяці, сведчанні беларускай прысутнасці на Падляшшы і захавання культурнай спадчыны паміж пакаленнямі. З удзелам аўтаркі Вольгі Сямашкі, мадэратар Ціхан Чарнякевіч.
Беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч паразмаўляе з польскім літаратуразнаўцам і перакладчыкам Адамам Паморскім пра геніяльнага аўтара Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага з нагоды выхаду яго кнігі выбраных вершаў «Вуліца шарлатанаў». Суразмоўцы падыскутуюць пра тое, што прынесла паэту багемную славу яшчэ да Другой сусветнай і зрабіла яго культавым і ўсімі любімым пасля вайны; у чым ён гуляў па правілах свайго часу, а ў чым далёка яго апярэдзіў; чаму яго іронія і гумар дагэтуль смешаць, а сур’ёзная лірыка і сёння расчульвае да слёз і ці наогул можна аддзяліць адно ад другога? Дыскусія адбудзецца па-беларуску і па-польску, а вершы будуць чытацца ў арыгінале і ў беларускіх перакладах.
На прыкладзе кнігі «Сацыятэхніка. Пачаткі» Міхаіл Волчак раскажа, як узнікаюць і развіваюцца супольнасці, якія нябачныя ролі і правілы ўплываюць на адносіны паміж удзельнікамі і што дапамагае захоўваць давер. Пагавораць пра сваё месца ў супольнасці, размеркаванне ўплыву і пра тое, як будаваць устойлівыя сувязі, здольныя перарастаць у супольныя дзеянні.
Сяргей Абламейка прадставіць зборнік апавяданняў «Горная краіна» – іранічную, абсурдную, а часам і сумную хроніку жыцця выдуманай краіны, у якой беларускі чытач лёгка пазнае знаёмыя рэаліі. Падчас сустрэчы аўтар раскажа, як нарадзіўся гэты літаратурны свет, чаму асобныя гісторыі складаюцца ў адзінае цэлае і як праз фантазію і сатыру можна па-новаму ўбачыць беларускую гісторыю, грамадства і саміх сябе.
Святлана Лугаўцова і Марына Казлоўская запросяць у гастранамічнае падарожжа па Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя. Пагавораць пра забытыя рэцэпты, кулінарную спадчыну Яна Шытлера – Ганны Цюндзявіцкай і Вінцэнты Завадскай, а таксама пра тое, як ежа і застоллі адлюстроўваліся ў літаратуры.
Дзмітрый Строцаў – паэт, аўтар кнігі «Український іконопис: поетичний репортаж 2014–2025 років» і украінская паэтка і перакладчыца польскай і беларускай літаратуры Наталля Бельчанка паразважаюць пра сілу літаратурнага слова, адказнасць сведкі і межы мастацкага асэнсавання трагічных падзей. Каму адрасаваныя такія творы, як яны гучаць ва ўкраінскім перакладзе і як іх успрымаюць самі ўкраінцы?
Ілля Кульбіцкі прадставіць сваю кнігу «Хроніка адмаўлення пустаты», якая ўвайшла ў кароткі спіс прэміі імя Наталлі Арсенневай 2026 года і раскажа пра пошукі нябачных сэнсаў, узаемапранікненне рэальнага і ўяўнага, а таксама пра творчасць як своеасаблівае чараўніцтва і адвагу тых, хто здольны ствараць новыя светы.
І. Б., паэт, філосаф, вандроўнік, пашукае рэцэпты і парадыгмы праз спробу паралельнага − і апакрыфічнага − чытання двух легендарных тэкстаў, з якіх пачынаецца беларускае мысленне, «Адвечным шляхам» Абдзіраловіча і «Гэтым пераможаш» Уладзіміра Самойлы.
14 лістапада ў Музеі Вольнай Беларусі (Foksal 11) пройдзе прэзентацыя новай інтэрактыўнай платформы беларускіх казак і гульняў «Мыш і Цмок» – праекта-пераможцы ў межах «Будуй сваё» ад аплікацыі Svae. Гэта платформа, дзе можна ствараць уласных персанажаў, нават сябе, дадаваць знаёмыя месцы і пераносіць гісторыі ў казачны горад, Менск, Уроцлаў альбо стварыць зусім свой уласны свет. Можна дадаваць гульні ў гісторыі і дзяліцца імі з сябрамі. На сустрэчы пакажуць і раскажуць, як ёй карыстацца і што можна ствараць. А яшчэ разам пачастуюцца смакоццем і прывязуць сюрпрыз. Платформа будзе цікавая для дзяцей ад 3 да 10 гадоў і для дарослых без узроставых абмежаванняў. Вядоўца – Крысціна Дробыш.
Аўтарка Вікторыя Раманава прадставіць свае кнігі і ілюстрацыі, раскажа пра ідэю стварэння новай кнігі, прысвечанай адаптацыі дзяцей ва ўмовах вымушанай эміграцыі, і падзеліцца цікавымі момантамі працы над ёй. Падчас сустрэчы дзеці і бацькі змогуць паўдзельнічаць у майстар-класе па стварэнні маленькага саламянага павучка – героя кнігі, задаць пытанні аўтарцы і далучыцца да розыгрышу кнігі.
Як дапамагчы дзіцяці палюбіць беларускую мову і чытанне без прымусу і механічнага завучвання? На сустрэчы для бацькоў дзяцей 5–9 гадоў аўтарка кніжкі-карцінкі «Не на сваім месцы» Таццяна Багданава падзеліцца ўласным досведам навучання сына чытанню па-беларуску ў польскамоўным асяроддзі, прадставіць створаныя ёю азбуку, карткі і міні-кнігі. Удзельнікі паспрабуюць гульнявыя заданні, даведаюцца, як развіваць навыкі чытання і падтрымліваць беларускую мову ў шматмоўнай сям’і, а таксама абмяркуюць, як зрабіць сумеснае чытанне прыемнай сямейнай традыцыяй. Мадэратарка Аляксандра Гушча.
16 лістапада у Музеі Вольнай Беларусі пройдзе спектакль «Чырвоны Крыж» беларускага тэатра «Прыехалі», створаны паводле рамана беларускага пісьменніка Сашы Філіпенкі. Праз гісторыю Таццяны Аляксандраўны, якая перажыла сталінскія рэпрэсіі, і маладога Аляксандра спектакль злучае мінулае і сучаснасць. Што застаецца ад чалавечага жыцця, калі яго гісторыю можна звесці да некалькіх радкоў на паперы? Хто мае права вырашаць, каму жыць, а хто павінен знікнуць з гісторыі? Што адбываецца з чалавекам, калі сістэма пазбаўляе яго права вырашаць уласны лёс? І што можам зрабіць мы, каб памяць пра такія лёсы не знікла разам з людзьмі?Рэжысёр Аляксандр Енджэеўскі. Рэгістрацыя на спектакль тут.
***
А таксама падчас фэсту пройдуць майстар-класы і сустрэча з Максімам Знакам. Будзе працаваць кніжны кірмаш з удзелам выдавецтваў Gutenberg, RozUm Media, Kamunikat, «Мяне Няма», «Полацкія лабірынты», Vesna, hochroth Minsk, «Янушкевіч», Skaryna Press, SayBeat, а таксама кнігі выдавецтваў Surma, Lingua.by, Букініст:ка, «Пфляўмбаўм», «Логвінаў» і іншых.
Дакладныя час і месца правядзення фестывальных імпрэзаў можна спраўдзіць тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram