Фота: сацсеткі выдавецтва «Пфляўмбаўм».
Адзін з ключавых твораў ХХІ стагоддзя — «Час second-hand» Святланы Алексіевіч — выйшаў у новым перакладзе ў жаночым выдавецтве «Пфляўмбаўм».
Завяршальную кнігу знакамітага цыкла «Галасы Утопіі» пераклала на беларускую мову Кацярына Маціеўская.
«Час second-hand» была ўпершыню выдадзеная ў 2013 годзе, аднак і тады, і — нават выразней — сёння мы бачым, што часы «чырвонага чалавека» не скончыліся разам з савецкім камуністычным праектам. Цяпер «чырвоны чалавек» бамбіць Кіеў, Харкаў, Дніпро, Адэсу…», — адзначае каманда выдавецтва.
«У камунізму быў вар’яцкі план, — расказвае аўтарка, — перарабіць «даўняга» чалавека, састарэлага Адама. І гэта ўдалося… магчыма, адзінае, што ўдалося. За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асаблівы чалавечы тып — homo soveticus. Адны лічаць, што гэта персанаж трагічны, іншыя называюць яго «саўком». Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён добра мне знаёмы, я побач з ім, плячо ў плячо, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, бацькі, сябры».
Святлана Алексіевіч — пісьменніца, сцэнарыстка, нобелеўская лаўрэатка па літаратуры (2015). Аўтарка кніг «У вайны не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чырнобыльская малітва».
Кацярына Маціеўская — перакладчыца, філалагіня, лаўрэатка прэміі імя Карласа Шэрмана (2020) за пераклад зборніка апавяданьняў Анджэя Сапкоўскага «Апошняе жаданне». Перакладала на беларускую мову вершы Гіёма Апалінэра, Джона Кітса, Фэрнанду Пэсоа, Алфрэда Эдварда Гаўсмэна, Баляслава Лесьмяна. Сумесна з Ганнай Янкутай, Марынай Шодай і Аленай Пятровіч пераклала раман Фларыяна Чарнышэвіча «Надбярэзінцы».
Замовіць выданне і кнігі выдавецтва можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram