Фолк-дуэт Ralla, які пераўтварае традыцыйную спадчыну ў жывы драйвовы спеў, выпраўляецца ў невялікі тур.
Спявачкі і музыкі Дар’я Зуева і Алена Кандыба, вядомыя сінгламі «Хадзіў-пахадзіў», «Да не бойся, конічку», «Зрушце» ў лютым прыедуць з канцэртамі ў Варшаву і Вільню.
Прарывам дуэта можна назваць «Хадзіў-пахадзіў» — песню, запісаную беларускім кампазітарам і музычным этнографам Рыгорам Шырмай у вядомага мастака і фалькларыста Язэпа Драздовіча. Дар’я і Алена выканалі купальскую баладу 1929 года пад скрыпку і басэтлю (народны смычковы інструмент, які нагадвае па выглядзе і рэгістры віяланчэль), надаўшы ёй амаль рокавы грув — і сталі адкрыццём мінулага года.
Наступным паспяховым сінглам стаў «Да не бойся, конічку» — традыцыйная вясельная песня з вёскі Малькавічы Ганцавіцкага раёна, інтэпрэтаваная музыкамі ў новым ключы. А адносна нядаўна дуэт выклаў у сеціва «Зрушце» — яшчэ адну адаптацыю вясельнай песні з Ганцавічаў, якая ў падачы Дар’і і Алены набыла танцавальную рытмічную аснову.
RALLA folk duo пачаў выступаць у 2023 годзе. Вялікая частка працы гурта, акрамя стварэння інтэрпрэтацый традыцыйных спеваў — уважлівы разбор і гранне традыцыйнай беларускай інструментальнай музыкі, музыкі для танцаў. Дзявочы гурт абыходзіцца з фальклорам уважліва, але задае аўтарскае вымярэнне матэрыялу, эксперыментуючы з рытмам і гучаннем.
24 лютага RALLA выступіць у Варшаве ў клубе Chmury а 20.00 (11 listopada 22).
У Вільні дадуць канцэрт 26 лютага ў кавярні Eskedar а 19.00 (Pilies g. 26). Падрабязнасці тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram