Першы фестываль беларускага сучаснага відэамастацтва прайшоў у Польшчы

Фестываль беларускага сучаснага відэамастацтва SAMASIEJ быў арганізаваны Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку ў супрацоўніцтве з мясцовымі і міжнароднымі партнёрамі. Ініцыятарам фестывалю стаў Валентый Сельвясюк — мецэнат і заснавальнік Mochnarte Foundation. Частка відэаработ былі створаны падчас рэзідэнцый у Мохнартэ: працы Разаліны Бусел, групы Bergamot, Надзі Саяпінай, Юліі Цвятковай, Юры Шуста.

Мэтай фестывалю было паказаць дынаміку сучаснай беларускай культуры, задакументаваць змены, стымуляваць дыялог і знайсці адказ на пытанні: як выглядае сучаснае беларускае мастацтва, дзе мы і куды ідзём?

Фрагмент экспазіцыі выставы «Я ёсць працяты бусел». Фота: Леся Пчолка

Назва фестывалю SAMASIEJ паходзіць ад назвы рамана Сакрата Яновіча «Samosiej» 1981 года. Самасей — гэта расліна, якая вырастае самасевам, рэгенеруе і адраджаецца нават на кепскай глебе. Для арганізатараў фэсту гэта стала метафарай культуры, якая адраджаецца і квітнее нават у самых неспрыяльных умовах.

Куратар фэсту Уладзімір Грамовіч патлумачыў, што відэа-арт быў выбраны як найбольш даступны многім аўтарам спосаб паказваць мастацтва, якое здольнае пераадольваць адлегласці з дапамогай лічбавага фармату.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Я ёсць працяты бусел». Фота: Леся Пчолка

«Відэа-арт – вельмі дэмакратычнае мастацтва, — патлумачыў куратар. — Тут не абавязкова быць рэжысёрам, можна здымаць і на тэлефон, і на вельмі прафесійную камеру. Мы відэа-арт кожны дзень можам бачыць у нашых тэлефонах. Цік-токінстаграмрылс – гэта і ёсць у нейкім сэнсе відэа-арт – вельмі сучаснае медыя, і я не ведаю, што можа хутчэй, чым відэа, фіксаваць рэальнасць і ствараць мастацтва».

Працы відэамастацтва адбіраліся згодна з ідэяй і канцэпцыяй выставы.

Галоўная выстава фестывалю адкрылася пад назвай «Я ёсць працяты бусел» (I Am Pfeilstorch) у будынку бібліятэкі і Цэнтра сучаснай адукацыі Беластоцкай політэхнікі. Працяты бусел – вобраз, напоўнены трагізмам і мужнасцю.

«Pfeilstorch» — з нямецкай мовы перакладаецца як «бусел са стралой». Так называюць буслоў, параненых у Афрыцы дзідай або стралой, якія, нягледзячы на рану, усё ж вяртаюцца вясной у Еўропу на гнездаванне.

Першага і найбольш вядомага Pfeilstorch знайшлі ў 1822 годзе каля нямецкай вёскі Клюц. У яго шыі тырчала дзіда з Цэнтральнай Афрыкі. Птушку застрэлілі і захавалі з дапамогай таксідэрміі. Менавіта гэты Pfeilstorch стаў ключавым доказам таго, што птушкі здзяйсняюць доўгія сезонныя міграцыі. Да таго часу людзі верылі ў міфы: быццам птушкі зімой хаваюцца пад ваду або ператвараюцца ў іншых істот.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Я ёсць працяты бусел». Фота: Леся Пчолка

«У Беларусі бусел — нацыянальны сімвал. Як і ў Польшчы, ён з’яўляецца часткай ідэнтычнасці. У Францыі, у Эльзасе, таксама, — паведамляе анатацыя выставы. — На Падляшшы гэта распаўсюджаная, любімая птушка, якая канкуруе з вобразам зубра — другога моцнага сімвала рэгіёну. Кожны, хто вырас у Беларусі, ведае, што бусел — вобраз з дзяцінства: ён з’яўляўся ў лагатыпе Беларускага тэлебачання, на самалётах Belavia (якія спынілі палёты ў 2021 годзе). Вобраз гэты пашырыў ураджэнец Гомельшчыны, беларускі манументаліст Гаўрыла Вашчанка. На яго карцінах, бадай, найбольш буслоў у беларускім савецкім мастацтве.

Але ж бусел — гэта не толькі нашая птушка. Ён мігруе. Большасць года праводзіць у Афрыцы. Ён родны і для жыхароў Нігерыі, Чаду, Судану. Гэта мігрант, які выбірае больш спрыяльнае месца для сваіх дзяцей. І тым не менш, мы лічым яго сваім. Чаму?

Сёння жыццё, асабліва на Падляшшы, цячэ паміж дэмакратыямі, якія распадаюцца і знаходзяцца ў крызісе, і дыктатурамі, якія ўсё часцей нагадваюць пра сябе — паміж старым Берлінскім мурам і новай перашкодай, узведзенай у 2021 годзе паміж Беларуссю, Польшчай і Літвой. Міграцыйны крызіс, выкліканы дыктатурамі ў Беларусі і Расіі, азначае, што людзі з Афрыкі, Блізкага Усходу і іншых рэгіёнаў, ахопленых канфліктамі або нестабільнасцю, выцясняюцца ў Еўропу ў пошуках бяспекі, годнасці і найлепшага жыцця. Іх шлях поўны небяспекі: многія з іх апынуліся ў пастцы ў памежнай зоне, а часта людзі гінуць у лясах і балотах паміж агароджамі.

Беларускія палітычныя зняволеныя ўцякаюць рознымі шляхамі і таемнымі сцежкамі, шукаючы прыстанішча ад дыктатуры і турмы. І ўсё часцей яны паміраюць у краіне ці неўзабаве пасля вызвалення з турмы, у выніку цяжкіх праблем са здароўем, выкліканых гадамі пераследу і зняволення. Мігранты з розных рэгіёнаў перамяшчаюцца ў тым жа напрамку, шукаючы прытулак, часта затрымліваючыся ў памежных зонах. Іх падарожжы адлюстроўваюць адно аднаго.

Гледзячы ў неба апошнія чатыры гады, мы бачым, што над Беларуссю амаль не лятаюць пасажырскія самалёты. Над Падляшшам патрулююць толькі F-16 праз блізкасць мяжы, таму грамадзянскія самалёты ў асноўным пазбягаюць гэтай паветранай прасторы, пакінуўшы ў шляху толькі буслоў, беспілотнікі і ваенныя самалёты. Нягледзячы на небяспеку, буслы вяртаюцца. Нягледзячы на раны, яны вяртаюцца ў гнёзды ў Беларусі, Украіне, Літве і Польшчы».

Такім чынам, выстава прысвечаная беларускам мастакам у эміграцыі, што займаюцца мастацтвам пасля 2020 года — таго пераломнага моманту, які падзяліў жыццё на «да» і «пасля». І фестываль спрабуе зафіксаваць гэтыя творчыя набыткі і тыя тэмы, якія мастакі падымаюць у сваіх праектах.

«Мы ўсе ў пэўным сэнсе — «Pfeilstorch» — буслы са стрэламі. Мы лётаем, несучы свае раны, шукаючы кірунак у новых кантэкстах, будуючы новыя дамы, інтэгруючы эміграцыю ў нашае паўсядзённае жыццё», — мяркуе куратар фэсту Уладзімір Грамовіч.

Што ж адбывалася падчас фестывалю, які працы найбольш уразілі гледачоў, якія аўтары закранулі найбольш вострыя і балючыя тэмы?

Уладзімір Грамовіч адзначае, што гледачы былі моцна ўражаны стужкай Рамана Шэля «Апошнія словы», прысвечанага памерламу ў турме мастаку і палітзняволенаму Алесю Пушкіну. «У фільме перасякліся многія рэчы, якія закранаюць іншыя аўтары ў сваіх працах, — сказаў куратар. — І галоўная ідэя пра тое, што мастацтва з’яўляецца нашым полем бою, часта – адзіна магчымым».

Тэмы, якія закраналі аўтары, тычыліся вайны, рэпрэсіяў, сённяшняй сітуацыі нестабільнасці. Пераканальна і адначасова абстагавана стан няпэўнасці увасобіўся ў відэа групы Bergamot. Прадмет, створаны для падтрымання раўнавагі, — каромысла – становіцца рэччу максімальна няўстойлівай. Праца даследуе дэканструкцыю цэнтра і роўнасць у кадры чалавека, прадметаў і краявіду.

Юлія Цвяткова, маючы адукацыю ў галіне мікрабіялогіі і выяўленчага мастацтва, у сваіх працах спалучае навуковае назіранне з паэтыкай. У відэа, паказаным на фестывалі, кадры хронікі чаргуюцца з містычнымі сцэнамі, актуалізуючы жаданне скарыстацца магічнымі сіламі, каб пераадолець такія фізічныя бар’еры, як мяжа.

Надзя Саяпіна ў сваім творы разважае пра паняцце покуці і апісвае стан мігрантаў, якія не могуць знайсці свайго кута.

Фрагмент экспазіцыі выставы «Я ёсць працяты бусел». Фота: Леся Пчолка

Разаліна Бусел у відэа «Фальшывае неба / Сапраўднае неба» параўноўвае сімволіку дзяржаўнай мяжы і пахавальных рытуалаў. Неба ў рэлігійным кантэксце — сімвал паасобнага свету, а рухомае «фальшывае неба» інсцэніруе пераход паміж Беларуссю і Польшчай. Воблакі цямнеюць, ствараючы трывожную глыбіню, а сапраўднае неба адкрываецца як кароткая надзея на будучыню. Даследуючы мяжу паміж рэальным і нерэальным, яна паказвае розныя вобразы неба, якія добра стасуюцца да канцэпцыі выставы. «Канцэпцыя выставы звязана з пусткай, а мы ведаем, што зараз у беларускім небе праз мяжу не лётаюць самалёты, і ў Падляшшы, дзе праходзіць выстава і было створана гэта відэа, іх няма, хіба што дроны расійскія ды пералётныя птушкі можна ўбачыць у небе», — тлумачыць куратар Уладзімір Грамовіч.

Праца Лесі Пчолкі даследуе сувязь паміж містычнымі рытуаламі і палітычным ціскам, яна звязаная з падзеямі беларускай рэвалюцыі 2020 года. Голас артысткі шэпча старажытную замову дзеля таго, каб пераадолець траўму.

Праца Дашы Сазановіч разглядае каўтун са зблытаных валасоў як метафару калектыўнага страху і супраціву. Каўтун становіцца бачным вузлом таго, пра што немагчыма распавесці: прыгнёту, цяжкасцяў, духоўнага выкаранення. Гэта адначасова папярэджанне і дабраславенне, напамін пра сувязь з прыроднымі і старажытнымі сіламі.

«Čornaja poliŭka» Тані Лічэўскай — відэа пра тое, як галодны «госць» урываецца ў тваю прастору — метафара імперскага апетыту, падмацаванага гісторыяй «войнаў за вызваленне» і «міратворчых аперацый». Падставай стаў уласны досвед мастачкі: напамін пра Лунінецкі вайсковы аэрадром, які быў актываваны ў 2022 годзе для нападаў на тэрыторыю Украіны. Čornaja poliŭka — традыцыйная беларуская страва з крыві гусі ці свінні, якой у мінулым ветліва адмаўлялі сватам. Тут яна становіцца сімвалам адмовы прыняць нязванага госця.

Марыі Немчанка Аржаніч (Літва) паказала частку вялікага праекта, які даследуе міграцыйныя шляхі птушак з Літвы праз Палестыну і Ліван у Судан, эксперыментальны дакументальны фільм пра сувязь чалавека і птушак, захапленне міграцыяй і парадаксальнае жаданне яе нацыяналізаваць. Праз гісторыі пра буслоў, міграцыю, радзіму і ўзаемазалежнасць відэа  становіцца прасторай для абмену ведамі і роздуму.

Ганна Панюціч распавядае гісторыю пошуку знака радыеактыўнасці ў Мінскай вобласці, дзе шмат тэрыторый было забруджана. Відэа складаецца з кадраў, знятых на працягу аднаго дня ў Беларусі, і архіўных матэрыялаў. У ім можна пабачыць краявіды, вельмі тыповыя для Беларусі: палі бульбы і кукурузы, лясы, вясковыя дамы. Некаторыя з гэтых участкаў былі ачышчаны, але ў іншых радыяцыя засталася глыбока ў глебе і распаўсюджваецца праз карані гародніны.

Фатограф і візуальны мастак з Польшчы Тытус Шабельскі-Ружняк даследуе дзяржаўныя і капіталістычныя інфраструктуры, аналізуючы іх як карты ўлады, ідэалогіі і схаванага гвалту. У сваім відэа ён паказвае інфраструктуры, створаныя, каб спрыяць руху транспарту, і адначасова тыя, якія прызначаны блакаваць яго. Гэтыя дзве функцыі становяцца часткай супольнай сістэмы, якая кіруе нашым перамяшчэннем.

Куратар Уладзімір Грамовіч паказаў на фэсце свой твор «Апошняя пастараль», які фіксуе рэстаўрацыю ім помніка, пастаўленага на мяжы вёскі. Помнік быў знойдзены ў 2020 годзе за тыдзень да выбараў непадалёк ад Беластока. На ім – малітва з просьбай збавіць ад атамнай вайны. Камера фіксуе, як мастак дабаўляе чорную фарбу ў выбітыя літары. Нечакана пагроза сталася актуальнай…

Фестываль беларускага сучаснага відэамастацтва плануецца зрабіць рэгулярным.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!