Прадпрымальнік з беларускімі каранямі Павел Падкарытаў, які цяпер жыве ў Эстоніі, а да 2023 года аднаўляў палац у Падароску Ваўкавыскага раёна, набыў у Германіі карціну пэндзля жывапісца Станіслава Жукоўскага. Падзею, што адбылася напрыканцы мінулага года, заўважыла Беларуская служба Польскага радыё.
Візітная картка мастака з Гродзеншчыны Станіслава Жукоўскага — сядзібныя інтэр’еры і пейзажы з настальгічнымі нотамі. І гэта тым больш сімвалічна, што нарадзіўся ён у 1873 годзе ў сям’і шляхціча, які быў пазбаўлены ўсіх сваіх уладанняў, статусу і нават прывілеяў за ўдзел у паўстанні 1863 года. Таму свой уласны родавы маёнтак сям’я Жукоўскіх была вымушаная арандаваць…
Мастак неаднойчы гасцяваў у Падароску — захаваліся фатаграфіі, на якіх ён адлюстраваны разам з уласнікам палаца Отанам Бохвіцам. Мастак маляваў і ваколіцы Падароска, і сам маёнтак. Ёсць карціны, на якіх выяўлены палац, яго пакоі, падароскі парк.
Сядзіба Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску бярэ гісторыю ад XVI стагоддзя. Цягам вякоў тут змяняліся гаспадары: Клочкі, Дольскія, аж у канцы ХІХ стагоддзя сядзіба перайшла да фаміліі Бохвіцаў — выхадцаў з Польшчы. Яны тут жылі да 1939 года, пакуль Чырвоная армія не арыштавала апошняга гаспадара маёнтка — Отана Бохвіца.
Павел Падкарытаў яшчэ ў 2013 годзе выкупіў сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у аграгарадку. Ён займаўся аднаўленнем маёнтка і планаваў адкрыць музей беларускай шляхты і турыстычна-рэкрэацыйны цэнтр, але з уладальнікам маёнтка разарвалі дамовы — будынкі вярнуліся мясцоваму аддзелу культуры. Суды пачаліся ў жніўні 2023 года. Адну з дамоў скасавалі з-за «невыкананне ўмовы па ўводзе аб’ектаў у гаспадарчы абарот».
І цяпер адбыўся, як апісаў гэта спадар Павел, «цуд на Каляды». Прадпрымальнік атрымаў паведамленне з аднаго з сайтаў, якія сочаць за продажамі прадметаў мастацтва, што адбываецца аўкцыён, на якім прадаецца карціна Жукоўскага з адлюстраваннем падароскага палаца. Спачатку ён вырашыў, што аўкцыён ужо адбыўся і пацікавіўся вынікамі продажу карціны Жукоўскага, аднак высветлілася, што яго перанеслі, і спадар Павел набывае твор амаль за сімвалічны кошт. «Калі агучваецца нумар лота з палатном Жукоўскага, аказваецца, што заявак, апрача маёй, няма, — дзеліцца Павел Падкарытаў уражаннямі ў Фэйсбуку. — І карціна трапляе да мяне па ацэначным кошце! Я меў падазрэнні, што гэта мо і не Жукоўскі ўвогуле, а нейкая падробка (ці прынамсі танная копія). Калі я агледзеў набытак, то зразумеў, што гэта дакладна не той Жукоўскі, які раней быў прададзены ў аўкцыённым доме Sotheby’s. Прапорцыі палаца не зусім дакладныя. Палац больш удала намаляваны на сотбісаўскім экзэмпляры, чым на маім. Але, на маю думку, набытая мною карціна — не падробка. Чаму? «Сотбісаўскае» палатно падпісана мастаком па-польску: Żukowski 1936. А мая карціна падпісана па-руску: С. Жуковскій, без даты. Мастак, бадай, не падпісваў свае работы па-руску пасля таго, як з’ехаў з Масквы ў Польшчу ў 1923 г. Дык, магчыма, ён напісаў гэты твор да 1914 г.? Ці бываў ён у Падароску ў гэты перыяд? Магчыма, нешта падкажа пра гісторыю карціны штамп на абароце палатна: Собрание Е. Р. Ратнера. Ленинград. Я знайшоў звесткі пра выстаўку работ мастака Каровіна ў 1961 г., на якой экспанавалася карціна са збору «Е. Р. Ратнера». Таксама я даведаўся пра ленінградскага калекцыянера Рафаіла Яфімавіча Ратнера 1930-1940 гг. Можа, «Е.Р.» — яго сын? Усё гэта трэба яшчэ высветліць. А карціна Жукоўскага, спадзяюся, некалі будзе экспанавацца ў падароскім палацы», — падсумоўвае Павел Падкарытаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram