Павел Латушка падтрымаў заснавальніка выдавецтва «Камунікат» Яраслава Іванюка, якога абвясцілі ў вышук

У падтрымку Яраслава Іванюка і прадстаўнікоў культурніцкіх арганізацый, якія пераследуюцца рэжымам Лукашэнкі, выступіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Рэжым Лукашэнкі абвясціў у вышук Яраслава Іванюка — заснавальніка інтэрнэт-бібліятэкі і выдавецтва «Камунікат», беларуса з з Падляшша, грамадзяніна Польшчы, які вядзе выключна легальную культурніцкую дзейнасць на тэрыторыі ЕС і больш за чвэрць стагоддзя прысвяціў захаванню і развіццю беларускай спадчыны. Яраслаў Іванюк дададзены таксама і ў расійскую базу вышуку.

«Гэты крок — чарговае сведчанне таго, што рэжым працягвае маштабныя трансгранічныя рэпрэсіі, — піша Павел Латушка. — У той час як Яраслаў Іванюк і прадстаўнікі культурніцкіх арганізацый і ініцыятыў робяць неацэнны ўнёсак у падтрымку беларускай літаратуры і нацыянальнай ідэнтычнасці, рэжым Лукашэнкі працягвае бязлітасную вайну супраць беларускага народа і беларускай культуры. Фабрыкацыя крымінальных спраў і стварэнне выдуманых «экстрэмісцкіх фармаванняў» — гэта інструменты, якімі нелегітымная ўлада спрабуе знішчыць усё беларускае, нават за межамі нашай краіны.

Завядзенне крымінальных спраў і ўключэнне грамадзяніна Польшчы ў базы вышуку — гэта таксама прамы працяг варожых і дэстабілізацыйных дзеянняў рэжыму ў дачыненні да Польшчы і суседніх краін ЕС. Лукашэнка ў чарговы раз прадэманстраваў, што яго рэпрэсіўная ўнутраная і агрэсіўная знешняя палітыка застаюцца нязменнымі.

Са свайго боку і ад каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення выказваю поўную салідарнасць з Яраславам Іванюком і з ўсімі дзеячамі культуры, якія апынуліся пад пераследам».

У інтэрв’ю польскаму радыё Яраслаў Іванюк патлумачыў, што з практыкі іншых асобаў вынікае, што ён проста не зможа паехаць у краіну, якая супрацаўнічае з Расіяй у справах вышуку грамадзян. Выдавец зазначыў, што вядзе кансультацыі з юрыстамі ды разлічвае на дапамогу з боку польскай дзяржавы і з боку арганізацый, якія займаюцца аховай правоў чалавека.

«Рэжым Лукашэнкі пераследуе мяне выключна за тое, што я працую на карысць беларускай культуры, беларускай літаратуры за межамі Рэспублікі Беларусь, працую ў Польшчы, працую ў краінах Еўрасаюза. Учора юрысты паведамілі мне, што польская дзяржава можа як мінімум запатрабаваць прыпыніць пераслед і зняць мяне з вышуку», — дадаў Яраслаў Іванюк.

Пра трансгранічны пераслед за легальную дзейнасць грамадзяніна Польшчы Яраслава Іванюка выказаліся і некаторыя польскія медыя.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram