Павел Латушка і Юстына Чарнота-Мішталь абмеркавалі падтрымку беларускіх артыстаў у Польшчы

Падтрымка беларускіх артыстаў тэатра ў эміграцыі і рэалізацыя праектаў «Вольных Купалаўцаў» былі абмеркаваныя падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы, прадстаўніка па транзіце ўлады Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі з Юстынай Чарнотай-Мішталь, новай дырэктаркай Тэатральнага інстытута ім. Збігнева Рашэўскага.

На сустрэчы таксама прысутнічалі дырэктарка Музея Вольнай Беларусі, чаліня Каардынацыйнай рады Наталля Задзяркоўская і кіраўнік фундацыі «Вольныя Купалаўцы», чалец Каардынацыйнай рады Алег Гарбуз, паведамляе Аб’яднаны Пераходны Кабінет.

Тэатральны інстытут ім. Збігнева Рашэўскага – нацыянальная ўстанова Польшчы, якая займаецца падтрымкай дзейнасці тэатральных калектываў і артыстаў у краіне.

Падчас сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні, звязаныя з:

  • арганізацыяй рэзідэнцыі для беларускіх артыстаў тэатра;
  • фінансавай падтрымкай новых пастановак беларускіх артыстаў тэатра;
  • магчымымі стажыроўкамі і адукацыйнымі праграмамі для тэатральных калектываў.

Павел Латушка як былы гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы разам з кіраўніком фундацыі «Вольныя Купалаўцы» Алегам Гарбузам распавялі аб дзейнасці калектыву, а таксама аб падрыхтоцы да правядзення з 26 па 30 сакавіка Тыдня Тэатра з «Вольнымі Купалаўцамі» ў Варшаве.

Прадстаўніцтва па транзіце ўлады Кабінета будзе аказваць падтрымку дзейнасці Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета ў кірунках, звязаных са спрыяннем развіццю беларускай культуры.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!