Павел Баркоўскі: «У Беларусі вяртаецца культ «патрыятычнага выхавання»

«1 верасня на постсавецкай прасторы адзначаецца як Дзень ведаў. У Беларусі ён усё больш ператвараецца ў недарэчны касплей савецкіх ідэалагічных практык на фоне адсутнасці нацыянальнай ідэі і няздольнасці замаскіраваць гэтую пустэчу высілкамі штатных ідэолагаў» — прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі пракаментаваў да 1 верасня дзяржаўную палітыку ў адукацыі ў Беларусі.

«Сцэнарый першага ўрока ў гэтым годзе, распаўсюджаны «міністэрствам адукацыі», нагадвае самыя горшыя практыкі «застою»: тыя ж пасланні ад піянераў у будучыню, хваласпевы правадыру, вырыванне зручных цытат і агульныя заклікі «шанаваць сваё». Але гэтае «сваё» не пра нацыянальную культуру ці мову, а пра гендарныя стэрэатыпы, безумоўную паслухмянасць уладам і «вялікую ролю прэзідэнта ў жыцці краіны».

Замест інтэграцыі ў еўрапейскую і сусветную адукацыйную прастору, развіцця акадэмічных свабод і крытычнага мыслення, у Беларусі вяртаецца культ «патрыятычнага выхавання» бяздумнага калектыву, гатовага без пытанняў выконваць вар’яцкія загады зверху. Гэта не крок наперад, а два крокі назад у ідэалагічны капкан. Выцягванне на паверхню зашмальцаваных практык і бязглуздых ідэй – сведчанне своеасаблівай ідэалагічнай некрафіліі.

Толькі еўрапейская перспектыва, сучасныя педагагічныя падыходы, акадэмічныя свабоды і далучэнне да агульнай адукацыйнай прасторы могуць стаць выйсцем. Планы дэмакратычнага транзіту ў адукацыі і навуцы (500 дзён) і праекты рэформ, падрыхтаваныя дэмакратычнай супольнасцю, прапануюць здаровую альтэрнатыву сістэмы», — адзначыў палітык.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!