Вялікае пано «Гомель у часе» рэстаўруецца да 882-годдзя Гомеля. Мясцовыя ўлады пракаментавалі рамонтныя працы, што вядуцца зараз па вуліцы Савецкай. Вядомае гомельцам пано з выявай рысі і заснавальнікамі гораду аднаўляецца ў межах рэстаўрацыі Дошкі гонару, піша Newsgomel.by.
Канцэпцыя афармлення Дошкі гонару ўключае карту горада з кампазіту з падсветкай і аднаўленне пано за аўтарствам Уладзміра Еўтухова, адзначае дзяржаўнае выданне.
Першы намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Аляксандра Германаў паведаміў, што ў межах бягучых работ з пано былі знятыя трафарэты, затым на ніх заладзілі расколіны, нанеслі новую фактуру і аднаўляюць былы від. Плануецца, што тут адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў першага гарадского конкурсу «Чалавек году».
Нагадаем, што ўчора гомельцы пачалі дзяліцца фотаздымкамі дэмантажу вядомага пано «Гомель у часе» ў сацсетках. Ад пазнавальнага твору аўтарства гомельскага мастака Уладзміра Еўтухова, твору, які выкананы у рэдкай цяпер тэхніцы сграфіта, засталіся толькі груды тынкоўкі, заўважыў Homeldays.org.
Жыхароў гораду моцна занепакоіла сітуацыя з пано, у якім слынны гомельскі мастак адлюстраваў найважнейшыя вехі гісторыі горада, пачынаючы з дня заснавання і заканчваючы сучасным часам.
Пано «Гомель у часе» было створанае ў 1990-х гадах гомельскім мастаком Уладзімірам Еўтуховым у самым цэнтры горада — аўтар рэалізаваў сваю творчую задуму дзякуючы перамозе ў адмысловым конкурсе Дзяржаўнага фонду.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram