Прэзентацыі анталогіі эсэ пра суседства. Фота: reform.news
Фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova распачаўся ў Варшаве 12 лістапада. Сёння – трэці дзень фестывалю, і колькасць падзей і людзей, што прыйшлі на дзве фестывальныя пляцоўкі, уражвае.
У Музеі Вольнай Беларусі разгарнулася Дзіцячая пляцоўка з кніжкамі, песнямі, казкамі і гульнямі, а ў цэнтры Варшавы – у «Доме сустрэч з гісторыяй» – шэраг літаратурных імпрэзаў.
Сярод іх прэзентацыі кніг, сустрэчы з аўтарамі, дыскусіі: лекцыя-выстава Паўла Севярынца, прэзентацыя кнігі Эльжбеты Смулковай «Mówię ci, piesku… o Katyniu, Sybirze i naszym powojniu», кнігі пра Зянона Пазняка «Паўстагоддзя ў праломе гісторыі», «Імёнаў Свабоды» Уладзіміра Арлова, «Маніфесту Гародніцы» Таццяны Арцімовіч, новага рамана Аляксандра Карнаўха, кніг пра Беласточчыну, Чарнобыль, беларускі тэатр і авангард у Беларусі.
Прайшлі дыскусіі пра культуру памяці і ідэнтычнасць, пра тое, як знайсці свой шлях у літаратуры, не падпарадкоўваючыся аўтарытэтам.
Пра тое, як рукапіс ператвараецца ў кнігу, расказаў выдавец Андрэй Янушкевіч.
У нядзелю пройдзе шэраг майстар-класаў у музеі Вольнай Беларусі, а ў цэнтры Варшавы, на Зельнай 39 – пагавораць пра ананімнасць, пра тое, як даследаваць гісторыю Беларусі з-за мяжы, якія новыя падыходы выкарыстоўваюць літаратуразнаўцы ў даследаванні беларускай літаратуры, а таксама прэзентуюць шэраг кніг.
Поўны расклад імпрэзаў, час і месцы можна паглядзець тут.
За імпрэзамі фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA можна сачыць анлайн.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram