Валянціна Гаравані. Фота: REUTERS/Denis Balibouse
Ва ўзросце 93 гадоў у Рыме памёр адзін з самых вядомых італьянскіх мадэльераў, заснавальнік моднага дома Valentino Валянціна Гаравані, паведамляе фонд стыліста.
Валянціна Гаравані нарадзіўся ў 1932 годзе ў горадзе Вогера ў Ламбардыі на поўначы Італіі. У 17 гадоў ён пераехаў у Парыж, каб вучыцца ў Школе прыгожых мастацтваў. Пасля яе заканчэння працаваў у атэлье Гая Лароша.
Неўзабаве пасля гэтага ён сустрэў студэнта-архітэктара Джанкарла Джамеці. На працягу 65 гадоў яны былі партнёрамі ў бізнэсе і ў жыцці.
У 1960 годзе ён стварыў модны дом Valentino, а сваю першую калекцыю прадставіў у 1962 годзе ў Фларэнцыі. У наступныя дзесяцігоддзі ён заваяваў свет, апрануўшы самых вядомых асоб, сярод якіх Жаклін Кэнэдзі і Одры Хепберн. У 2007 годзе Валянціна пайшоў на пенсію.
Мадэльер ніколі не любіў перабольшання, у тым ліку ў сваіх уласных калекцыях. Яго адметнасцю быў чырвоны колер, якім ён захапіўся ў юнацтве ў оперы ў Барселоне, убачыўшы пажылую жанчыну ў чырвоным.
«Гэтая жанчына назаўжды змяніла маё жыццё», — прызнаўся ён потым.
Італьянскі свет моды ў другі раз за апошнія месяцы пагрузіўся ў жалобу. Летась у верасні памёр Джорджыа Армані.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram