Памёр Сяргей «Боршч» Кныш — бубнач легендарных рок-гуртоў «Бонда», Ulis і «Крама»

Сышоў у іншы свет Сяргей «Боршч» Кныш — музыка, які граў на бубнах у выбітных беларускіх рок-гуртах «Бонда», «Уліс», «Крама». Аўтар тэкстаў песень, які ўвайшлі ў гісторыю беларускага рок-н-ролу.

Пра смерць музыкі паведаміў у сваіх сацсетках паэт і аўтар тэкстаў да песен «Уліса» і «Крамы» Фелікс Аксёнцаў.

Сяргею Кнышу было 62 гады.

Сяргей Кныш нарадзіўся ў сям’і рабочага і таваразнаўцы. Маці была з Расіі, бацька — беларус з-пад Копыля. Як казаў музыка, ніякіх літаратурных ці мастацкіх продкаў у яго не было, але гэта не перашкодзіла яму паступіць у мастацкую школу для адораных дзяцей — так званы Парнат, а потым — у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў). Творца навучаўся скульптуры ў Анатоля Анікейчыка.

Памёр Сяргей «Боршч» Кныш — бубнач легендарных рок-гуртоў «Бонда», Ulis і «Крама»Памёр Сяргей «Боршч» Кныш — бубнач легендарных рок-гуртоў «Бонда», Ulis і «Крама»
Уліс. Злева направа — Слава Корань, Фелікс Аксёнцаў, Сяржук Кныш, Сяржук Краўчанка, Алег Тумашоў. Фота — Уладзімір Парфянок. 29 красавіка 1993.

Спачатку Сяргей Кныш іграў у гурце «Студыя 7», а потым з прыходам музыкаў Сяргея Дарожкі, Ігара Варашкевіча, Славы Кораня ствараецца культавая «Бонда» — рок-гурт, які абраў сваёй мовай беларускую. Сяргей напісаў тэксты да такіх выбітных кампазіцый як «Стэфка», «Слуцкая брама», «Радыёактыўны блюз», ды іншых, потым пасля распаду «Бонды» «Стэфка» і «Слуцкая брама» ўвайшлі ў рэпертуар «Крамы». З удзелам Сяргея Кныша ва «Улісе» — другі культавы калектыў, які ўтварыўся пасля распаду «Бонды» — былі запісаныя такія слынныя альбомы як «Краіна доўгай белай хмары» і «Танцы на даху».

Жыў і працаваў у Мінску.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!