Памёр пісьменнік Леанід Дайнека

Сёння, 21 жніўня, у Мінску пайшоў з жыцця вядомы беларускі пісьменнік і паэт Леанід Дайнека. Яму было 79 гадоў. Чытачы ведаюць Дайнеку ў першую чаргу па гістарычных раманах для юнацкай аўдыторыі: «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака», «Жалезныя жалуды».

Навіну паведаміў у Facebook Саюз беларускіх пісьменнікаў, сябрам якога быў Леанід Мартынавіч.

Развітанне з пісьменнікам адбудзецца ў нядзелю, 25 жніўня, у рытуальнай залі на вуліцы Альшэўскага ў Мінску.

Учора Леанід Мартынавіч апублікаваў на сваёй старонцы новы верш «Неба». Ён стаў яго апошнім допісам.

Леанід Дайнека нарадзіўся 28 студзена 1940 года ў вёсцы Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля школы працаваў на будоўлях, скончыў тэхнічную вучэльню ў Ніжнім Тагіле і працаваў там на металургічным камбінаце электрыкам, адслужыў ў войску. У 1967 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі БДУ ў Мінску, працаваў старшым рэдактарам на тэлебачанні ў Віцебску і потым у сталіцы. З 1972 па 1989 год Леанід Дайнека быў адказным сакратаром часопіса «Маладосць», пасля загадваў рэдакцыяй паэзіі ў выдавецтве «мастацкая літаратура».

Публікаваць вершы Леанід Дайнека пачаў з 1961 года. З 1969 па 1989 у яго выйшла шэсць паэтычных зборнікаў. Першы раз як празаік выдаўся ў 1976 годзе са зборнікам апавяданняў «Бацькава крыніца». Пасля выдаў некалькі раманаў: «Людзі і маланкі» (1978), «Запомнім сябе маладымі» (1981), «Футбол на замініраваным полі» (1983), «Меч князя Вячкі» (1987), «Сьлед ваўкалака» (1988), «Жалезныя жалуды» (1990).

За раман «Меч князя Вячкі» пісьменнік атрымаў Літаратурную прэмію Саюза пісьменнікаў БССР імя І. Мележа ў 1988 годзе. Таксама за гэты раман і «След ваўкалака», як творы для дзяцей, у 1990 годзе Дайнека быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР у 1990 годзе.

З 1993 года Леанід Дайнека таксама займаўся бізнесам разам з сынамі Змітром і Сцяпанам. Іх кампанія «БелПІ» да нядаўняга часу вырабляла розныя гатункі настойкі «Крамбамбуля».

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.