Сёння не стала Аляксея Каўкі, паведамляюць у фэйсбуку яго сябры.
Вядомы беларускі гісторык, літаратуразнавец і грамадскі дзеяч Аляксей Каўка памёр на 87-м годзе жыцця.
Быў доктарам філалагічных навук і кандыдатам гістарычных навук. Даследаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху, савецка-польскіх адносінаў.
3 канца 1970-х гадоў распрацоўваў праблемы адраджэння і станаўлення нацыянальнай самасвядомасці, творчасць Францішка Скарыны, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Івана Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага, Міколы Улашчыка і іншых.
Укладальнік літаратурна-навуковых штогоднікаў «Скарыніч» (вып. 1—3, 1991—97).
Яго біяграфія можа даць багаты матэрыял для будучага рамана пра беларускі дысідэнцкі рух. Каўка як уладальнік дыпламатычнага пашпарта (працаваў дарадцам у савецкай амбасадзе ў Варшаве) перапраўляў на Захад творы, што не маглі быць апублікаваныя ў Савецкай Беларусі, у тым ліку рукапіс вядомай кнігі Алега Бембеля «Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс», што ўбачыла свет у Лондане. А таксама паштоўку Яўгена Куліка, прысвечаную 1000-годдзю Беларусі (1980). Беларуская дыяспара ў ЗША надрукавала паштоўку і распаўсюдзіла яе па свеце. Факт выхаду такой паштоўкі стаў прадметам разбору КДБ.
У 1976-м Каўка напісаў «Ліст да расейскага сябра», палемічны твор пра стан беларускай мовы й парушэнне моўных правоў у падсавецкай Беларусі. Ліст распаўсюджваўся самвыдавецкім чынам, трапіў у Польшчу, потым — у Лондан, дзе быў выдадзены на рускай і ангельскай мовах у 1979 годзе.
У 1995 годзе пераклаў з беларускай на расейскую мову (суаўтар пераклада, аўтар прадмовы) і выдаў у Маскве паэму Ведзьмака Лысагорскага (вобразны і легендарны псеўданім невядомага аўтара) «Луку Мудзішчаву прывітаньне з Расеі», дзе ў вострай сатырычнай форме даецца ацэнка аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі.
Апошнія дзесяцігоддзі жыў у Маскве. Браў актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні ў Маскве акцыяў, скіраваных на абарону правоў чалавека ў Беларусі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram