Ніна Фральцова. Фота: .bsu.by
На 81-м годзе жыцця не стала доктара філалагічных навук, кандыдата мастацтвазнаўства, прафесара кафедры медыялогіі Ніны Фральцовай, паведамляе журфак БДУ.
Ніна Фральцова была тэатразнаўцам, журналістам, педагогам, спецыялістам у кіна-, тэле- і іншых экранных мастацтвах, аўтаркай і вядучай праграм, прысвечаных творчасці кінематаграфістаў і кінематографу, аўтаркай сцэнарыяў некалькіх дакументальных фільмаў.
З 1975 года працавала ў БДУ, уваходзіла ў штат выкладчыкаў кафедры тэлебачання і радыёвяшчання, тэхналогій камунікацыі, тэорыі і метадалогіі журналістыкі. У апошні час, з 2019 года, працавала прафесарам кафедры медыялогіі.
У 1976-1998 гадах была аўтарам і вядучай праграм, прысвечаных кінематографу і творчасці кінематаграфістаў, на нацыянальным тэлеканале «Беларускае тэлебачанне». Уваходзіла ў Беларускі саюз кінематаграфістаў.
Паралельна з навукова-выкладчыцкай дзейнасцю Ніна Фральцова працавала дарадцам па кінематографе міністра культуры, памочнікам генеральнага дырэктара кінастудыі «Беларусьфільм» па творчых пытаннях, в. а. галоўнага рэдактара кінастудыі «Беларусьфільм».
З’яўлялася членам экспертнага савета па кінавідэамастацтве Міністэрства культуры. З 2001 па 2017 гады была старшынёй Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці.
Як паведамілі Reform.news крыніцы з кола культуралагаў, Ніна Фральцова, будучы ў складзе гэтай камісіі, у 2014 годзе дазволіла паказ у кінатэатрах Мінска «Німфаманкі» Ларса фон Трыера.
Развітанне з Нінай Фральцовай адбудзецца 20 сакавіка з 13.00 да 13.30 у рытуальнай зале Мінскага крэматорыя.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram