500 гадоў таму ў кастрычніку 1523 года ў Кракаве ў друкарні Віетара выйшла паэма Мікалая Гусоўскага “Carmen de statura feritate ac venatione Bisontis” (“Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго”), вядомая нам у беларускім перакладзе як «Песня пра зубра».
Дакладная дата выхаду паэтычнага зборніка «Песні пра зубра» невядомая. У пасляслоўі да кнігі пазначана: A.D. MDXXIII Mense Octob. Што азначае: у год Панскі 1523, у кастрычніку.
Да беларускага чытача кніга Мікалая Гусоўскага, прадстаўніка новалацінскай паэзіі і аднаго з заснавальнікаў жанру ліра-эпічнай паэмы ў літаратуры Усходняй Еўропы, дайшла толькі ў ХХ стагоддзі ў перакладзе Язэпа Семяжона.
Юбілей паэмы стаў нагодай яе абмеркавання на фестывалі беларускай кнігі анлайн-PRADMOVA. У размове ўдзельнічалі перакладчыца і даследчыца лацінамоўнай літаратуры, доктар філалагічных навук Жанна Некрашэвіч-Кароткая і доктар бібліістыкі Караліна Мацкевіч, якая прадстаўляла Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане. Мадэраваў сустрэчу філосаф Павел Баркоўскі.
Паслухалі размову і вылучылі галоўныя тэзы абмеркавання.
Песня пра зубра — гэта не анімалістычны, а перадусім прэзентацыйны твор палемічнай скіраванасці
Жанна Некрашэвіч-Кароткая апісала кантэкст стварэння паэмы.
Пачатак ХVІ стагоддзя ў Еўропе быў перыядам палітычнай нестабільнасці, адчувалася пагроза з боку Асманскай імперыі. У гэты час у Ватыкан да Рымскага Папы Льва Х была выпраўлена дыпламатычная місія з Вялікага Княства Літоўскага і Польскай Кароны. У падручніках апісваецца, што мэтай місіі было заахвоціць Рымскага Папу да стварэня кааліцыі супраць турак.
Гэта праўда, але не ўся.
Місія складалася з духоўных асобаў, адной з якіх, па меркаванні спадарыні Жанны, быў сам Мікалай Гусоўскі (ён не быў каталіцкім святаром, але адназначна займаў нейкую прыступку ў гэтай іерархіі), і адной з мэтаў паездкі была задача пераканаць Рымскага Папу да бенефікацыі Святога Казіміра, роднага брата караля Жыгімонта І.
Таксама важна было засведчыць прысутнасць Вялікага Княства Літоўскага на еўрапейскай арэне не толькі ў палітычнам плане, але ў духоўным і культурным. З гэтай перспектывы «Песню пра зубра» і трэба разглядаць як прэзентацыйны твор палемічнай скіраванасці.
У «Песні пра зубра», як і ў іншых сваіх творах, Мікалай Гусоўскі засведчыў крызісны стан еўрапейскай цывілізацыі. Нездарма яна пачынаецца сцэнай карыды — бою быкоў. У паэме яна параўноўваецца з зусім іншай традыцыяй — зубрынымі ловамі ў Вялікім Княстве Літоўскім, сапраўднай рыцарскай традыцыяй. І наратар гэтым параўнаннем хоча давесці, што калі нехта і абароніць Еўропу ад турак, то не разбэшчаныя арыстакраты, якія прывыклі дзівіцца на відовішчы бою быкоў, а рыцары з Вялікага Княства. І калі Еўропе патрэбны нейкі моцны валадар, то такі, якім быў вялікі князь Вітаўт. Таму ў «Песні пра зубра» і з’яўляецца гэтая постаць.
Акрамя таго, Мікалай Гусоўскі паставіў перад сабой задачу абвергнуць, не наўпрост, а ў паэтычнай форме, усе тыя выкрыўленні і фальсіфікацыі, якія прысутнічалі ў тагачаснай рэнесанснай літаратуры адносна Вялікага Княства Літоўскага. І таму многія яго словы трэба ўспрымаць з падвойным сэнсам, з падтэкстам, з іроніяй, як своеасаблівае пакепліванне.
Дасканалага перакладу на беларускую мову «Песні пра зубра» не існуе
Перакладаць «Песню пра зубра» надзвычай складана, бо немагчыма перадаць усе гэтыя падвойныя сэнсы, падтэксты і нюансы аўтарскай іроніі.
Спадарыня Жанна найлепшым перакладам з лацінскай мовы на славянскія называе пераклад на ўкраінскую глыбокага знаўцы антычнай, менавіта элегічнай паэзіі Андрыя Садамора. Добры пераклад на польскую мову зрабіў Ян Каспровіч.
Калі гаварыць пра беларускую мову, то ўласна перакладам з’яўляецца праца Уладзіміра Шатона. Што да іншых тэкстаў — Язэпа Семяжона, Наталлі Арсенневай і яшчэ некалькі рускамоўных пераспеваў, то гэта ўсё паэтычныя адаптацыі, перастварэнні, пераспевы, але не пераклады.
Творчасць Мікалая Гусоўскага прасякнута глыбокім хрысціянскім пачуццём
Менавіта хрысціянскі аспект творчасці Міколы Гусоўскага, лічыць спадарыня Жанна, быў згублены ўсімі перакладчыкамі паэмы на беларускую мову. Бо ў «Песні пра зубра» ёсць выразная фармулёўка крэда паэта, якая перакладзена наступным чынам: «Молімся мы Ісусу Хрысту і ягонаму бацьку, у песнях жа нашых часцей правяць Юнона і Зеўс». Даследчыца заўважае стылёвую нестыкоўку: калі і быў у тэксце Бог Айцец, то ніяк яго нельга называць бацькам, але ў арыгінале — слова «Парэнс», той, хто родзіць ці тая, якая родзіць, у лацінскай мове гэта дзеепрыметнік. І калі ідзе гаворка пра Ісуса Хрыста і Парэнс, то трэба перакладаць як Хрыстос і Багародзіца.
«Інтэрпрэтацыі гэтага тэксту могуць быць бясконцыя, і я спадзяюся, цікавасць да яго не страціцца, бо гэта паэма дазваляе нам разважаць пра нашу ідэнтычнасць з самых розных бакоў», — зазначае даследчыца.
Творчасць Гусоўскага належыць да беларускага гісторыка-культурнага кантэксту
Адной з задач Міколы Гусоўскага было абвергнуць некампетэнтныя меркаванні пра тое, што Вялікае Княства Літоўскае з’яўляецца краінай вечнай зімы, а зубр — нейкім мясцовым страшыдлам. І таму Гусоўскага трэба ўспрымаць з культурнай перспектывы: наша культура заслухоўвае ўвагі, яна шматслойная і багатая, грунтуецца на розных традыцыях. Менавіта пра гэта і пісаў Мікалай Гусоўскі.
А калі разважаць пра месца аўтара ў нацыянальным каноне літаратуры, то варта задаць сабе пытанні: у якой краіне «Песня пра зубра» ўключана ў праграму па літаратуры і ў школе, і ў ВНУ? У сталіцы якой краіны ёсьць вуліца Мікалая Гусоўскага і пастаўлены помнік Мікалаю Гусоўскаму?
Такім чынам, з пункту гледжання рэлевантнасці для нацыянальнага кантэксту творчасць Мікалая Гусоўскага належыць у першую чаргу беларускай культуры. Незалежна ад таго, дзе ён нарадзіўся.
Язэпа Семяжона называюць стваральнікам легенды Гусоўскага
Язэп Семяжон — як перакладчык — вельмі крэатыўна паставіўся да сваёй працы. Сам ён пісаў пазней: «Я стараўся… перакладаць не толькі словы, але і тое, што стаіць за гэтымі словамі… расстаўляў акцэнты там, дзе аўтар, у меру сваіх абмежаваных магчымасцей, вымушаны быў гаварыць шэптам ці толькі намёкам» (Семяжон. думкі. 1980. 5).
«Мне цікавы гэты перакладніцкі феномен, з якім я сутыкаюся у біблійных даследаваннях, дзе ёсць біблійны тэкст і пераклад, які робіцца кананічным, — зазначае Караліна Мацкевіч. — Магчыма, гэты пераклад не самы лепшы, не самы дакладны, але гэта ён становіцца асноўным тварам гэтага тэксту, які людзі чытаюць, а даследнікі аналізуюць. І вялікая містыфікацыя Семяжона была ў тым, што менавіта тыя кавалкі, якія ён дадумаў (а памер ягонага перакладу нашмат перавышае памер арыгінальнай паэмы), вельмі часта пасля аналізаваліся даследчыкамі паэмы як словы Гусоўскага«.
Напрыклад, такія радкі: «Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы Росквітам княства Літоўскага і нашага краю, І называюць той век залатым». Гэтыя фантастычна прыгожыя радкі лёгка запамінаюцца і ператвараюцца ў своеасаблівы лозунг. Аднак у Гусоўскага гэтых словаў няма. Перакладчык падаў гэта як тое, што стаіць за словамі Гусоўскага. Ён прачытаў Гусоўскага як незвычайнага патрыёта Вялікага Княства, які ўсю паэму напаўняе сваёй патрыятычнай эмоцыяй. Гэтая містыфікацыя працягваецца дагэтуль, напрыклад, калі паглядзець у расійскай Вікіпедыі запыт на словы «залаты век», то там будзе спасылка на Гусоўскага. Семяжон настолькі паверыў у сваю ўласную містыфікацыю, што свае дадуманыя радкі пачынаў апісваць як сапраўдныя словы Гусоўскага.
Гэты феномен даследчыца Караліна Мацкевіч параўноўвае з яшчэ адной містыфікацыяй, вядомай у гісторыі літаратуразнаўства, якая спрычынілася да адраджэння чэшскай нацыянальнай ідэнтычнасці — падробкі старажытных рукапісаў чэшскім філолагам Вацлавам Ганка ў пачатку ХІХ стагоддзя. Напрыканца ХІХ стагоддзя было даказана, што Вацлаў Ганка сфабрыкаваў гэтыя рукапісы, якія паспрыялі чэшскаму нацыянальнаму адражэнню.
Пераклад Семяжона меў вялікі культурны ўплыў, сцвярджае Караліна Мацкевіч. Мастак Мікола Купава расказваў, што з 1980 года, менавіта з выставы, прысвечанай Міколу Гусоўскаму, і з кнігі «Песні пра зубра» ў перакладзе Семяжона, аздобленай Яўгенам Куліком, пачалося новае беларускае адраджэнне.
Постаць зубра ў паэме шматзначная і сімвалічная
Караліна Мацкевіч заўважыла, што паэма «Песля пра зубра» будуецца як лабірынт. «Лабірынт — гэта пушча, таемны свет, у які аўтар запрашае чытача, і ўнутры гэтага лабірынта жыве міфічная істота».
Мікола Гусоўскі надае зубру суб’ектнасць, ён глядзіць на паляванне вачыма зубра.
Напрыклад, у сцэне, калі каралеўская світа назірае за паляваннем з памоста, у бяспецы. Гэта сцэна апісваецца з пункту гледжання зубра, які спрабуе разгледзець твары людзей, а пасля кідаецца на памост і абрынае адну з яго апораў. Гусоўскі пакідае гэту сцэну незавершанай, але чытач тут на баку зубра…
Аўтар тлумачыць, што зубр не нападае, пакуль яго не параніць, у яго пільны засяроджаны позірк, вялікую ўвагу надзяляе вачам, а адны з самых прыгожых радкоў — апісанне гульняў цялятаў і восеньскага гону.
Цікавыя паралелі паміж зубром і Вітаўтам. У міфалогіі ёсць думка, што веліч героя вызначаецца веліччу монстра, якога ён забівае. Напаўміфічнаму дзікаму зверу, які ў сваёй велічы не мае паралеляў, супрацьстаўляецца велічны, магутны князь, які трэніруе сваіх ваяроў у паляванні на звера і які можа абараніць сваё княства і супрацьстаяць ворагам краю.
Іншыя паралелі аўтар праводіць паміж паляваннем на зубра і вайной з туркамі.
Тэкст паэмы вельмі шматзначны, ён пакідае шмат адкрытых сэнсаў, таму запрашае да інтэрпрэтацыі і да новых прачытанняў, падагульняе Караліна Мацкевіч.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: