У афішы выкарыстаны фрагмент фотаздымка з незалежнага архіву VEHA.
Відэазапіс ці анлайн-трансляцыя — часта адзіная магчымасць для беларусаў у палітычнай эміграцыі далучыцца да пахавання блізкіх па той бок мяжы. Масавыя рэпрэсіі пасля 2020 года адрэзалі ім шлях дадому, а бяспечнае жыццё ў еўрапейскіх краінах акуплена драматычнай цаной: немагчымасцю абняць сям’ю ў найцяжэйшы момант, прысутнічаць на пахаванні ці наведаць магілы родных.
З 15 па 27 верасня ў Познані пройдзе выстава «POGRZEB.MP4. Utrata i żałoba na emigracji politycznej», прысвечаная гэтай балючай тэме.
Праект паўстаў на падставе глыбокіх інтэрв’ю і вывучэння прыватных архіваў беларусак і беларусаў з досведам вымушанай эміграцыі. Гэта прастора для размовы пра боль, які звычайна застаецца прыватным і нябачным. Як перажыць жалобу далёка ад дому? Што замяняе традыцыйныя рытуалы і як выглядае перажыванне страты на
адлегласці? Якім чынам можна падтрымліваць памяць насуперак межам?
У часовай экспазіцыі пакажуць фотаздымкі і відэазапісы з прыватных архіваў, інсталяцыі. Таксама часткай выставы стане асабісты музычны твор вядомай беларускай артысткі, які пакуль існуе ў рабочай версіі. На просьбу аўтаркі паслухаць песню можна будзе выключна ў галерэйнай прасторы.
Час і месца адкрыцця імпрэзы: 15 верасня а 19:00, Познань, Atelier WIMAR Stowarzyszenie Łazęga Poznańska (ul. Święty Marcin 75). Уваход: вольны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram