Падляшска-калумбійскі дуэт «Sw@da x Niczos» у новым сінгле папрактыкаваліся ў вышыванні

«Узоры вышываць» — падляшска-калумбійскі дуэт «Sw@da x Niczos» выпусціў новы трэк, у якім пераасэнсавалі практыку традыцыйнай вышыўкі. У новым кліпе і кампазіцыі музыкі запэўніваюць, што гэтым заняткам, насамрэч, займаецца кожны. Адно сучаснікі могуць наносіць узоры не толькі на тканіну, але, скажам, і на свае ўласнае цела — рабіць тату. Ці як у пэўным сэнсе не аздабленне арнаментам можна назваць разфарбоўку аўто рознымі патэрнамі-графіці? І калі паглядзець глабальна, то і мастацтва жыць — гэта таксама вышыўка.

Ніка Юрчук (Нічос) так пракаментавала новы рэліз:

«Наш новы трэк — пра тое, што кожны з нас вышывае ўзоры на сваім жыцці. Вышывалі нашыя бабулі, вышываем зараз мы на свой лад. Да песні мы знялі кліп у старой хаце, інтэр’ер якой быў шчодра аздоблены традыцыйнай вышыўкай. Гэта цэлы космаc. Сэнсы ўзораў уступаюць у нейкае магічнае ўзаемадзеянне з прасторай хаты і нашай музыкай. Гэта натхніла нас на творчы пошук сучасных «узораў», якія «вышывае» маё пакаленне на сваім целе, рэчах, на сваім жыцці».

Што да стылістыкі новага трэка, дуэт на гэты раз выйшаў за межы ўлюбёнага фонку. Свада, аранжыроўшчык і саўндпрадзюсар, «напампаваў» мелодыю густым, шчыльным басам, уласцівым брытанскай і амерыканскай клубнай сцэне нулявых. Трансавы саўнд і замоўная рэчытатыўнасць тэксту на падляшскай гаворцы пагружаюць слухача ў міфалагічны, напоўнены сімваламі свет, у якім жылі продкі беларусаў.

Відэа, якое зняў відэамастак Караль Мох, прасякнута трыгернымі для беларусаў вобразамі: напад групы невядомых у балаклавах на аўто, выраб і нанясенне на цела незарэгістраванай сімволікі ў хатніх умовах… Але гэта Падляшша, і ўсё скончыцца хіба толькі новым узорам.

«Sw@da x Niczos» – адзін з самых пазнавальных музычных праектаў Падляшша, памежнага беларуска-польскага рэгіёна, які арганічна спалучае традыцыйную спеўную культуру беларусаў і найноўшыя павевы сучаснай музычнай рэчаіснасці. Нічос з’яўляецца лаўрэатам конкурсу «Новая традыцыя», а Свада быў намінаваны на галоўную музычную прэмію Польшчы — «Фрыдэрык» у катэгорыі «Альбом года — Roots Music».

Сінгл «Узоры вышываць» даступны на ўсіх асноўных стрымінгавых платформах, у тым ліку на старонцы дуэта Vkontakte.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!