«Радыё Свабода» і Беларускі ПЭН пачынаюць прыём заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны аўтарам ці аўтаркай, якія зазналі зняволенне.
На разгляд будуць прымацца творы, апублікаваныя цалкам ці часткова ў перыяд з лістапада 2021 года па лістапад 2023-га.
Тэматыка твораў, што могуць прэтэндаваць на прэмію, не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакументальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, так і ў выглядзе рукапісу, створаныя ў зняволенні і дасланыя на працягу года. Права намінацыі маюць таксама ўсе сябры Беларускага ПЭН-цэнтра.
Прысылайце творы ці спасылкі на іх на адрас info@penbelarus.org з пазнакай «Прэмія Аляхновіча».
Прысуджэнне прэміі імя Францішка Аляхновіча адбудзецца ў Дзень зняволенага пісьменніка, 15 лістапада.
Даведацца больш пра прэмію імя Францішка Аляхновіча і яе лаўрэатаў можна на адпаведнай старонцы на сайце Беларускага ПЭНа.
Арганізатары просяць сваякоў, сяброў зняволеных збіраць і захоўваць творчасць з-за кратаў, перадаць вязням запрашэнне ўдзельнічаць у стварэнні літаратуры памяці і зычэнні хуткай свабоды.
Беларускі ПЭН-цэнтр заснаваў прэмію імя Францішка Аляхновіча сумесна з Радыё Свабода ў 2013 годзе. Тады лаўрэатам прэміі стаў Ігар Аліневіч з кнігай “Еду в Магадан”.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram