«Па факце мне далі тэрмін за частушкі. Як у народзе кажуць: «да*баліся да слупа»: Уладзіслаў (Лэслі) Наважылаў — пра свой завочны прысуд

Ад шасці да васьмі гадоў і штраф ад 500 да 800 базавых велічынь — такі прысуд 24 чэрвеня вынес Брэсцкі абласны суд беларускім актывістам і блогерам, сярод якіх музыка, рэжысёр і літаратар Уладзіслаў Наважылаў (Лэслі Найф). Навіны з радзімы лідар легендарнага гурта Gods Tower успрыняў эмацыйна: з аднаго боку, з гумарам, з іншага — за злосцю і абурэннем. Згодна з інфармацыяй, Уладзіслава судзілі за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні «Рудабельская паказуха» (ч. 1 арт. 361-1 КК).

Па факце мне далі тэрмін за частушкі. Як у народзе кажуць: «да*баліся да слупа», — эмацыйна адрэагаваў на навіну Уладзіслаў у каментары Reform.news. — Дурней, што называецца, не прыдумаеш. Лічу, што на такія ўчынкі здольныя людзі ў апошняй стадыі алкагалізму — калі ў іх дах зносіць і пачынаюць розныя павукі і чэрці па вуглах мроіцца. Так вось, такое адчуванне, што ў беларускай сістэмы — белая гарачка. І гэта трэба на яе служкаў апранаць адмысловую кашулю, саджаць іх у пакой з мяккімі сценамі, каб яны самі сабе не нашкодзілі ды іншым. Карацей, гэта вельмі хворыя людзі. Інакш я гэта ўсё ўспрымаць не магу.

Затое цяпер, калі мне шэсць гадоў «накінулі», я магу кавер на песню The Number of the Beast гурта Iron Maiden зрабіць, — жартуе музыка. — Там ёсць такія радкі: «Six six six, the number of the beast». Так вось я магу спяваць «six six six», а потым нейкі радок дадаваць пра мой прысуд. У цэлым, сістэма вельмі бадзёрыць сваімі ўчынкамі. Сядзіш, днямі думаеш, як бы сябе прапіярыць, новую песню напісаць, кнігу, а тут — бац! — і за цябе ўсю працу зрабілі. Прапіярылі, што называецца.

Вядома, зараз у мяне спрацоўвае абарончая рэакцыя. Але калі я смяюся, гэта не значыць, што мне смешна. Таму што такія рэчы — гэта ўжо проста «караул».

— У Беларусі — сістэма вельмі хворая. Гэта ўжо ракавая пухліна, якая разраслася да вялізарных памераў. Якой, у прынцыпе, не павінна было быць, але яна існуе. Анамалія. І яна разраслася да такіх памераў праз нашы кампрамісы і кампрамісы заходняга грамадства. Зараз усе пачалі ачуняць, і дай Бог, каб былі зроблены высновы з гэтай сітуацыі — і з вайны, і з гэтага рэжыму. Вырасцілі самі сабе пухліну на мапе Еўропы.

Але наогул такая думка была, калі я пачуў усё гэта — украінскі гімн у галаве закруціўся: «Ще не вмерла України і слава, і воля. Ще нам, браття українці, усміхнеться доля». Карацей, нашымі звычайнымі беларускімі словамі: «Загляне сонца і ў наша аконца». Вясёлага не шмат, але ідзем працаваць далей.

У Брэсцкім абласным судзе 24 чэрвеня завочна асудзілі адразу шэсць чалавек: Андрэя Павука, Вольгу Павук, Маргарыту Ляўчук, Аляксандра Чахоўскага, Іллю Салянкова, Уладзіслава Наважылава.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.