Няпростыя гісторыі, глыбокія пачуцці… Новыя кнігі жніўня: літагляд

Кнігі канца лета ад беларускіх выдавецтваў – з ноткай трагізму і з ноткай лірызму. У іх шмат пра месцы сілы, пра тонкія повязі і моцны гістарычны бэкграўнд у прыватных няпростых гісторыях.

Мастацкая літаратура

Фелікс Аксёнцаў «2/3»

У зборніку — 33 творы: 10 беларускіх вершаў, 8 беларускіх тэкстаў песень (7 з іх — на музыку Ігара Варашкевіча), і 14 рускамоўных вершаў.

Фелікс Аксёнцаў — былы ўдзельнік гурта «ULIS», аўтар тэкстаў беларускіх рок-гуртоў «Бонда», «Крама» і першых трох альбомаў культавага ULIS.

наш пастыр

гаворыць мовай разрыўных куль

наша рэлігія — карга-культ

ленд-лізу

груз

паступіць у любую хвіліну

досыць грузу для ўсіх

заліць крывёю алтар

спаліць гарады

легчы гарматным мясам

патрабуйма груз

пакутуем за груз

грузу хопіць на ўсіх

уладар мух не падмане

Выдавецтва hochroth Minsk

Кніга неўзабаве будзе даступная для заказу праз сайт выдавецтва.

Чырвоны мост — адна са знакавых мясцін старажытнага Полацка. Для Навума Гальпяровіча гэта сакральны вобраз яго дзяцінства і юнацтва, першага кахання і вернага сяброўства.

Нябачны герой рамана — родны горад, які стаў месцам сілы аўтара.

Твор напоўнены шчымлівым лірызмам, тонкім гумарам, светлай самотай. Гэта своеасаблівая споведзь, лірычны дзённік аднаго з нашых сучаснікаў, чалавека з багатай і цікавай біяграфіяй.

«Кніжка па сваёй танальнасці лірычная, месцамі занадта сентыментальная. Асабліва калі ўлічыць, што час, які ў ёй апісваецца, быў досыць брутальны. Магчыма, так працуе аберацыя памяці, прапускаючы праз адпаведны фільтр успаміны дзяцінства і маладосці. Магчыма, гэта аўтарскі падыход – чарнухі ў літаратуры і так дастаткова», — адзначае крытык Міхал Бараноўскі.

Выдавецтва «Мастацкая літаратура»

Набыць можна ў беларускіх кнігарнях.

Вольга Касцюк «Дубовые яблочкі»

Дэбютны зборнік апавяданняў Вольгі Касцюк – гэта шчыры і смелы праект асабістага летапісу, які пачынаецца па-руску, а заканчваецца на беларускай мове і на роднай аўтарцы паляшуцкай гаворцы.

У кнізе сабраныя гісторыі, якія нарадзіліся падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе і пасля ўварвання Расеі ва Украіну. Аповеды пра людзей, іх боль, выбар і памяць паяднаныя адзіным мінулым і ўплеценыя ў падзеі, якія нікога з нас не пакінулі ўбаку. Адных герояў і гераіняў пазнаеш адразу; у іншых гісторыях і дыялогах бачыш сябе, сяброў або суседзяў.

Вольга Касцюк жыве ў Новай Зеландыі (Аатэароа). Яе апавяданні, вершы, эсэ і пераклады публікаваліся ў часопісах, анталогіях і анлайн-выданнях па ўсім свеце. У сваёй творчасці яна часта закранае тэмы, актуальныя для фемінісцкай літаратуры, пытанні дэкаланізацыі і мовы.

Выдавецтва «Скарына»

Набыць можна тут.

Павал Касцюкевіч «Тралейбус №29. лайфхакі і прароцтвы»

Павал Касцюкевіч апавядае «падслуханае» ў менскім тралейбусе, які курсуе па маршруце нумар 29. Кніга аздобленая атмасфернымі ілюстрацыямі Багдана Даўгялы.

У тралейбусе №29 дабраахвотна-прымусовым парадкам збіраюцца мінчане, каб, пазіраючы на звыклыя краявіды, падумаць уголас або гучна выказацца сабе пад нос, пракампасціраваць мазгі або праявіць сябе. Слухай і пачуеш яго дакладнасць. Вастрыню. Касамозгасць. Меланхолію. Радасць існавання.

Выдавецтва Рамана Цымберава.

Набыць можна тут.

Марыя Пархімчык «Эйфарыя»

На IT-востраў у цэнтры Еўропы прыязджаюць журналіст Пітэр Уордсварт і мастацкі кіраўнік танцавальнага калектыву Кацярына Фёдараўна. Ён збіраецца зрабіць яскравую гісторыю пра змрочную рэспубліку, яна — годна выступіць на свяце ўраджаю. Усё ад пачатку ідзе не па плане. Героям даводзіцца прайсці праз выпрабаванні, якія стварае для іх нехта на востраве. Аднак хутка прыгоды пачнуцца і для тых, хто імі кіруе… Дзе праўда, дзе выдумка — дакладна не адкажа ўжо ніхто.

Разам з героямі «Эйфарыі» чытач завітае на юбілей народнага артыста, зазірне ў цэнтр псіхічнага здароўя, наведае шыкоўны замак, паглядзіць лялечны спектакль, дасць драла ад лясных драпежнікаў і разгадае загадку ўсюдыісных помнікаў правадыру.

Выдавецтва «Пфляўмбаўм»

Набыць можна тут.

Пераклады

Маціяс Гёрыц «Паркер»

Раман — захапляльная гісторыя пра нямецкую палітыку, поўную інтрыг, улады і кахання, спакусаў і нечаканых момантаў.

Паркера запрашаюць стаць медыякансультантам і аўтарам прамоў для перспектыўнага маладога палітыка. Паркер прагне перамогі, яму патрэбны кантракт і грошы. Але больш за ўсё яму патрэбны новы пачатак.

Так выглядае, што ён ніколі па-сапраўднаму не здолеў спыніцца і перавесці дыханне з таго моманту, як студэнтам з’ехаў у ЗША. Паркер — працоўны качэўнік з глабальнымі сувязямі — заўсёды гатовы кінуць усё і з’ехаць, калі нехта становіцца да яго занадта блізкі. Таму апошняя дзяўчына яго і кінула.

Цяпер ён зноў у Германіі. І Анэлі Шнайдэр, амбіцыйная і загартаваная памочніца яго новага кліента, кідае яму штораз новыя выклікі.

Маціяс Гёрыц — паэт, драматург, перакладчык і раманіст з Германіі. Жыве ў ЗША

Пераклад з нямецкай мовы Галіны Скакун.

Выдавецтва «Скарына»

Набыць можна тут.

Элізабэт Бадэнтэр «Панове, паднапружцеся!»

Эсэ прысвечана страйку ўлонняў, які хвалюе сьвет з антычных часоў. Раней ён быў утопіяй ці ўяўнай страшылкай. Але ў ХХ стагодзьдзі кабеты ў заходнім свеце нечакана распачалі гэты страйк насамрэч. І нам усім цяпер давядзецца жыць зь ягонымі наступствамі.

У ім гучаць тэмы, якія філасофка ўздымала ў сваіх іншых творах: як сучаснай кабеце спалучыць мацярынства і прафесійны росквіт, праблематычнасць і складанасць мацярынства, канфлікт паміж ролямі маці і жанчыны, безупынная рызыка вяртання кансерватыўнага бумерангу, які ставіць пад сумнеў фэмінісцкія заваёвы і іншае.

Гэтае эсэ актуальнае і для Беларусі, дзе, як і ва ўсёй Эўропе, крытычна зніжаецца на­раджальнасць. Пасля 2020 года беларускія ўлады чатыры гады не публікавалі звестак аб на­ра­джаль­насці і смяротнасці. Толькі нядаў­на Белстат падзяліўся інфармацыяй за 2024 год, якая не выглядае аптымістычнай.

Па-француску эсэ выйшла ў 2024 годзе.

Пераклад Уладзіслава Гарбацкага.

Выдавецтва «Скарына»

Набыць можна тут.

Крысціна Сабаляўскайце «Silva Rerum»

Silva Rerum — з лаціны «лес рэчаў», папулярны ў XVI—XVIII стагоддзяў сярод літоўскай шляхты жанр, «сямейная кніга», якая перадавалася з пакалення ў пакаленне, дзе запісваліся важныя жыццёвыя падзеі.

Цыкл гістарычных раманаў «Silva rerum» Крысціны Сабаляўскайце — адна з самых значных падзеяў у літоўскай літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў. Кніга будзе безумоўна цікавая і беларускаму чытачу, бо ў ёй наша супольная гісторыя.

Дзея першай часткі адбываецца ў 1659–1667 гадах у Вільні і ў далёкім жамойцкім двары, сядзібе шляхецкага роду Нарвойшаў.

Дзея другой часткі адбываецца ў 1707–1710 гадах. Паўночная вайна, чума, раскоша і галеча, шведскія і расійскія салдаты, яўрэйскія лекары, упартыя жамойты і іранічныя вільняне і, вядома, наступнае пакаленне шляхецкага роду Нарвойшаў.

Перакладчык з літоўскай мовы Сяргей Шупа.

Выдавецтва «Вясна»

Набыць можна тут.

Нон-фікшн

«Абярнуся я шэрай зязюляй»

Чацвёртая кніга серыі «Фальклорныя скарбы Беларусі» — гэта зборнік беларускіх народных баладаў з пераказам на расійскую і ангельскую мовы.

Самы лірычны зборнік і самы захапляльны, бо менавіта ў баладзе пераказваюцца незвычайныя, неардынарныя падзеі, хоць часта трагічныя ды тужлівыя. Аўдыядадатак паслужыць падарункам для аматараў народных спеваў. Падаецца пераказ сюжэтаў на расійскую і англійскую мовы.

Тэксты ілюстраваныя адметным відам беларускага народнага мастацтва — выцінанкамі, створанымі Галінай Жураўлёвай.

Аўтэнтычнае гучанне балад можна паслухаць па кюар-кодзе.

Выдавецтва «Беларуская навука».

Набыць можна тут.

Сяргей Дубавец «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду»

«Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» — гэта расповед пра тое, як у сумнай шэрай паўсядзённасьці савецкага існаваньня з’явілася бліскучая ўнікальная беларуская ідэнтычнасць.

На Каляды 1980 году група менскіх студэнтаў, якія назвалі сябе «Майстроўняй», вырашае адрадзіць старую народную абрадава-песенную традыцыю калядаваньня ў цэнтры гораду. Як аказалася, гэта быў толькі першы крок. Неўзабаве група становіцца ядром нацыянальнага руху, які пачынае расьці і пашырацца па ўсёй Беларусі і ўрэшце прыводзіць да стварэньня незалежнай беларускай нацыі…

Гісторыю «Майстроўні» апавядаюць 50 чалавек, чыё падарожжа пачалося сорак пяць гадоў таму. Лёсам удзельнікаў легендарнай суполкі стала незалежнасьць краіны.

Выдавецтва «Камунікат»

Набыць можна тут.

Тамаш Зайка «Як адзін дзень…»

Кнігу складаюць успаміны звычайнага чалавека Тамаша Зайкі (1907–1991), на долю якога выпалі беды і выпрабаванні, звязаныя з усімі вялікімі катаклізмамі XX стагоддзя. Дзякуючы яго незвычайнай назіральнасці і бліскучай памяці на старонках кнігі ажываюць падзеі часоў Першай сусветнай вайны, бальшавіцкага перавароту і грамадзянскай вайны, жыцця пад палякамі, Другой сусветнай вайны і партызанскага руху, паваеннай калектывізацыі і «пабудовы камунізму». Гэтыя ўспаміны вылучаюцца шчырасцю і праўдзівасцю. Друкуюцца з захаваннем асаблівасцяў мясцовай гаворкі.

Выдавецтва «Тэхналогія»

Набыць можна тут.

Аляксандр Краўцэвіч «Пачаткі Вялікага Княства Літоўскага»

Новае выданне — сістэматызаваны выклад крыніц, гістарыяграфіі па ўзнікненні і пачатковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Шматлікія цытаты з найважнейшых крыніц, аб’ёмная бібліяграфія маюць аблегчыць прыгатаванне лекцый і заняткаў для выкладчыкаў ВНУ, а таксама самастойнае вывучэнне праблемы генезісу Вялікага Княства Літоўскага. Артыкулы, рэцэнзіі, дыскусіі ў Дадатках дэталізуюць важныя аспекты праблемы і паказваюць звязаныя з ёй супярэчнасці не толькі навуковага характару. Дапаможнік створаны на аснове манаграфій аўтара «Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага» і «Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага 1248-1377 г.»

Выдавецтва «Медиал»

Набыць можна тут.

Алесь Місуна «Яскі дзяцінства: дзе люляла гарлачыкі Жэсніца»

Пра гэтую кніжку Алеся Місуны нехта скажа: «Кніжка ўспамінаў». І будзе мець рацыю, бо нават пад павелічальным шклом у ёй не знойдзеш хоць драбінкі выдуманага. Усё было! І ўсё ж гэта больш, чым успаміны. Гэта — малюнак, дзе за буйнымі, кожным разам нечаканымі і глыбокімі зместам слядамі пэндзля, відаць тыя падзеі, тыя людзі з іх светаадчуваннем, тое жыццё, часта — змаганне за жыццё… Пярлінкі кароткіх апавяданняў вабяць сённяшняга чытача духам таго даўняга, ужо забытага і незваротнага часу, побыту, сярод якога прайшло маленства аўтара.

Выдавецтва Рамана Цымберава

Набыць можна тут.

Юрый Тамковіч, Павел Каралёў «Вайсковыя могілкі ў Мінску. Зберагаючы памяць»

Гэта першае грунтоўнае даследаванне славутага мінскага некропаля. Аўтары на падставе архіўных крыніц, перыёдыкі, успамінаў мінчан упершыню грунтоўна паказваюць гісторыю славутага некропаля. Нададзена ўвага гістарычным, мастацкім, моўным асаблівасцям могілак. У выданні 388 старонак, з якіх больш за 70 складаюць ілюстрацыі.

Аўтары звяртаюцца да пытання належнай аховы і вывучэння некропаля, зберажэння яго адметнасцяў — ад простых самаробных помнікаў да манументальных абеліскаў. Спіс пахаваных з надмагільнымі інскрыпцыямі дапаможа многім сваякам у справе вывучэння генеалогіі.

Гісторык Сяргей Грунтоў адзначае ў сацсетках: «Думаю, гэта найважнейшае выданне як для даследчыкаў нашых могілак, так і для спецыялістаў па гісторыі Мінска. Адна з тых кніг, якія будуць браць з паліцы і праз сто год, тым больш, што лёс гістарычных пахаванняў на Вайсковых нават і праз дзесяцігоддзе нам сёння цяжка прадказаць».

Выдавецтва Рамана Цымберава

Набыць можна тут.

Сяргей Шапран «Янка Купала і Якуб Колас у профіль і анфас»

У кнізе ўпершыню сабраны 44 сяброўскія шаржы на Янку Купалу і Якуба Коласа.

Першыя народныя паэты Беларусі неаднойчы рабіліся героямі сяброўскіх кпінаў мастакоў, прычым як вядомых, так і забытых сёння. Аднак, нягледзячы на больш чым стогадовую гісторыю, гэты арыгінальны жанр ніколі канцэптуальна не даследаваўся, а большасць малюнкаў была, здавалася б, назаўсёды «пахаваная» ў старых часопісах і падшыўках газет. У кнізе «Янка Купала і Якуб Колас у профіль і анфас. З гісторыі сяброўскага шаржу» даследчыка беларускай літаратуры Сяргея Шапрана ўпершыню разам прадстаўлены ўсе вядомыя на сёння шаржы на песняроў, адна з несумненных вартасцей якіх у тым, што, зробленыя пераважна пры жыцці класікаў, яны сталі каштоўным сведчаннем мінулай эпохі.

Выдавец Раман Цымбераў

Набыць можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!