Нямецкі журналіст Інго Пэтц напісаў кнігу пра беларускую рэвалюцыю і яе наступствы

Кіраўнік беларускай рэдакцыі нямецкага інтэрнэт-партала dekoder.org Інго Пэтц выдаў кнігу, прысвечаную пратэстам 2020 года. Яе назва — «RASENDER STILLSTAND». У ёй аўтар аналізуе, як і чаму ўзніклі масавыя пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе і якія наступствы мае гэтая гістарычная падзея.

Інго Пэтц паказвае, як радыкалізаваўся рэжым Лукашэнкі, які ўплыў аказваюць рэпрэсіі рэжыму на грамадства сёння; як выглядае штодзённае жыццё і атмасфера ў Беларусі з яе шматтысячнымі палітвязнямі; што рухае прыхільнікамі рэжыму, якія сцэнары зменаў магчымыя.

«Пэтц аналізуе ўзнікненне пратэснага руху, які быў заснаваны на нізавых ініцыятывах у перыяд каранавіруса, ход і формы выказвання пратэстаў, прычыны даўгалецця рэжыму і яго вайны супраць уласнага насельніцтва, дэмакратычны рух у выгнанні, а таксама тое, як агрэсіўная вайна Расіі супраць Украіны ўплывае на Беларусь і беларуска-ўкраінскія адносіны,піша ў рэцэнзіі на кнігу крытык Стэфан Кубэ. — З аднаго боку, ён заўсёды мае на ўвазе больш шырокія рамкі, таму змяшчае беларускую рэвалюцыю ў гісторыю вызваленчых рухаў ва Усходняй Еўропе і ў гісторыю беларускага нацыянальнага будаўніцтва, а з другога боку, пераносіць чытача ў канкрэтныя месцы, такія як мінскія двары… Ён гутарыць з беларускімі навукоўцамі і пісьменнікамі, знаёміць з разнастайным беларускім культурным сектарам, а таксама ўплятае ў тэкст цытаты з песень беларускіх гуртоў. У выніку атрымалася маляўнічая і жывая панарама, якая паказвае, што дэмакратычны рух працягвае заставацца «жыццёва важным звяном», нягледзячы на выгнанне, рэпрэсіі і вайну.

Пэтц, зрэшты, не мае ілюзій: для беларускага дэмакратычнага руху гэта будзе марафон. Дзякуючы падтрымцы Расіі Лукашэнка змог утрымацца ва ўладзе, і за апошнія пяць гадоў некалі аўтарытарная дзяржава, «якая дае пэўныя свабоды», ператварылася ў таталітарную дзяржаву, якая не толькі масава змагаецца з супернікамі, але і «адсейвае» тых, хто не праходзіць тэст на лаяльнасць. У той жа час расійская агрэсіўная вайна выступае ў якасці «паскаральніка залежнасці Беларусі ад Расіі».

Важна, што аўтар кнігі не толькі аналізуе рэпрэсіі і іх прычыны, але і тое, як захоўваецца імпульс палітычнага ўдзелу і самавызначэння, як беларуская грамада ў выгнанні спрабуе і далей адстойваць беларускі парадак дня ў культуры, у грамадскай супольнасці і ў палітычных органах дэмакратычнага руху. То-бок даказвае, што ідэя рэвалюцыі не знікла, а працягвае развівацца на многіх узроўнях, нягледзячы на ўсе выклікі і цяжкасці.

Кніга разлічаная найперш на нямецкамоўных чытачоў, якія, як правіла, вельмі мала ведаюць пра Беларусь.

У інтэрв’ю Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) аўтар кнігі тлумачыць, што сённяшні стан беларускага грамадства вельмі цяжка вызначыць, тут не варта верыць сацапытанням. Насамрэч на настроі беларускага грамадства ўплываюць тры фактары. Рэпрэсіі, якія сведчаць, што рэжым па-ранейшаму не давярае беларускаму грамадству. Вайна Расіі супраць Украіны: у грамадстве па-ранейшаму пануе страх, што вайна можа перакінуцца на Беларусь і што Пуцін можа перанесці вайну ў Беларусь, калі Лукашэнка нейкім чынам страціць кантроль над краінай. І трэці фактар – страх ізаляцыі і адчуванне пакінутасці. Хоць для беларусаў шлях у Еўрапейскі Саюз і на Захад фармальна не закрыты, грамадзянам Беларусі вельмі складана атрымліваць візы, а частка памежных пунктаў на мяжы з Польшчай і Літвой закрываецца. Аднак «палітычныя погляды ў такіх рэпрэсіўных і аўтарытарных краінах рэдка бываюць устойлівымі, — мяркуе Інго Пэтц. — Яны, як правіла, арыентуюцца на рэальнасць і мяняюцца ў залежнасці ад дынамікі падзеяў. Гэта азначае, што палітычная дыферэнцыяцыя адбудзецца толькі тады, калі адкрыецца акно магчымасцяў для змены ўлады, калі адкрыецца палітычная прастора. Датуль адносіны ў грамадстве застануцца рухомымі і зменлівымі. Зараз рэжым трымаецца на ягоных прыхільніках, якія таксама аказваюць унутраны ціск на грамадства. Аднак пры аслабленні рэжыму ўнутры сістэмы можа з’явіцца пэўны прагматызм».

Даследчык мяркуе, хоць прапаганда і аказвае значны ўплыў на грамадзян Беларусі, перамены непазбежна адбудуцца, бо «рэвалюцыя 2020 года – і гэта вырашальны фактар – пакінула глыбокія сляды ў людзях. Перамены немагчыма адматаць назад. І гэты імпульс будзе працягвацца, трансфармавацца датуль, пакуль у нейкі момант не выльецца ў новую падзею».

Журналіст і пісьменнік Інго Пэтц жыве і працуе ў Берліне. Ён кіраўнік беларускай рэдакцыі інтэрнэт-партала dekoder.org, задача якой – падвысіць узровень ведаў пра Беларусь у нямецкамоўных краінах. Больш за 25 гадоў ён піша палітычную аналітыку і культурна-гістарычныя эсэ пра Усходнюю Еўропу і, у прыватнасці, пра Беларусь, ладзіць розныя культурніцкія праекты з беларускімі партнёрамі. І кажа, што Беларусь ужо стала часткай яго ідэнтычнасці.

Набыць кнігу можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!