«Нічога ў гэтым жанры ў беларускай літаратуры не пісалася і не выдавалася»: тэксты мастака-канцэптуаліста Ігара Саўчанкі выходзяць у выдавецтве «Лысы чэрап»

«Канцэптуалізм мёртвы, а мы яшчэ не! Наша выдавецтва з гонарам прадстаўляе нашу наступную кнігу. Перад намі — незвычайная рэч, чатырохсотстаронкавы зборнік авангарднай канцэптуалісцкай прозы вядомага беларускага фатографа, а цяпер і пісьменніка Ігара Саўчанкі», — прэзентаваў новую кнігу «Доказ» выдавец Андрэй Дудко.

Ігар Саўчанка вядомы як адзін з самых яркіх прадстаўнікоў беларускай сучаснай фатаграфіі, творы якога захоўваюцца ў сусветных публічных і прыватных калекцыях.

Фатаграфаваць ён пачаў яшчэ ў школе, а ў канцы 1980-х гадоў упершыню паказаў свае працы ў мінскіх фотаклубах. У 1990-х атрымлівае прызнанне (у тым ліку — міжнароднае) за свае незвычайныя, поўныя містыкі здымкі, змантаваныя са старых архіўных фатаграфій. У выніку нараджаюцца зусім новыя гісторыі з пазачасавым і халодна-аналітычным поглядам на будзённыя сюжэты архіўных фотавыяваў.

У 1997 годзе Ігар Саўчанка дэкларатыўна адмаўляецца ад фатаграфавання і звяртаецца да літаратуры. Ён выбудоўвае свае візуальныя праекты з дапамогай тэкстаў. У 2006 годзе пасля амаль дзесяцігадовага перапынку зноў вяртаецца да фатаграфічнай практыкі. Плён яго тагачасных фатаграфічных доследаў — унікаты, даследаванне рэальнасці з дапамогай яе прамых адбіткаў на жэлаціна-срэбнай паперы.

Такое самаўхіленне аўтарскага «Я» ад творчага працэсу характэрна і для візуальных, і для літаратурных прац Ігара Саўчанкі. Тэксты ў яго кнізе «Доказ» напісаны ад асобы розных даследчыкаў і навукоўцаў, якім прыадчыняюцца не бачаныя дагэтуль грані свету, грамадства, соцыуму. «Гэтыя тэксты падаюцца ў форме гіпотэз і навуковага прадбачання, але пры дастатковым узроўні нахабства, дзёрзкасці і ўпэўненасці, могуць перайсці ў іншую катэгорыю — доказаў, што свет уладкованы менавіта так», — паведамляе анатацыя выдання.

Кніга ўключае некалькі дзясяткаў аўтарскіх ілюстрацый і фотаздымкаў, і выдавец настойвае, што «нічога ў гэтым жанры ў беларускай літаратуры не пісалася і не выдавалася».

Набыць выданне можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!