Незалежны праект беларускіх мастакоў прыме ўдзел у паралельнай праграме Венецыянскай біенале

Беларускі незалежны праект «Official. Unofficial. Belarus.» стаў часткай афіцыйнай паралельнай праграмы 61-й Венецыянскай біенале. Праект, які размесціцца ў прасторы старажытнага касцёла Сан-Джавані Эвангеліста, аб’яднае працы Уладзіміра Цэслера, Вольгі Падгайскай, Сяргея Грыневіча, Мікалая Халезіна і Расмуса Мунка.

Як паведамляе спецыялізаванае арт-выданне Ocula, Венецыянская біенале абвясціла сваю поўную паралельную праграму (collateral programme). Сярод 31 афіцыйна зацверджанай падзеі — імерсіўная мультысенсорная выстава групы беларускіх незалежных мастакоў, якая размесціцца ў прасторы старажытнага касцёла Сан-Джавані Эвангеліста.

Праект куратаркі Даніэлы Каляда задуманы як складаная медытацыя на тэму страты прыватнасці і свабод, дзе глядач трапляе непасрэдна ў «архітэктуру сачэння і кантролю».

Выданне так апісвае праект.

У цэнтры экспазіцыі — 2,5-метровая сфера, створаная паводле ідэі Мікалая Халезіна: яна складзена з кніг, якія сёння забароненыя ў Беларусі, і літаральна сціснутая каўшом бульдозера. Візуальны вобраз дапаўняецца арганным саўндскейпам кампазітаркі Вольгі Падгайскай, дзе моцныя крэшчэнда змяняюцца рэзануючай цішынёй, падкрэсліваючы атмасферу прыгнёту і чакання.

Прастора выставы выходзіць і за межы інтэр’ера: на прыватных могілках каля храма размесціцца серыя маштабных скульптур Уладзіміра Цэслера, створаных з сапраўдных турэмных крат. Гэты візуальны шэраг будзе суправаджацца гукавой інсталяцыяй з запісамі сведчанняў нядаўна вызваленых беларускіх палітвязняў.

Каб зрабіць досвед гледача максімальна імерсіўным, аўтары разам з вядомым дацкім шэф-кухарам Расмусам Мункам напоўняць касцёл спецыяльна распрацаваным пахам «кантролю і прыгнёту», а наведвальнікам прапануюць запальваць свечкі на алтары храма ў памяць аб тых, чый голас быў гвалтоўна заглушаны.

Сузаснавальніца Беларускага Свабоднага тэатра Наталля Каляда падкрэслівае, што гэты ўдзел у Біенале — доказ таго, што культурны аўтарытэт сёння належыць менавіта незалежнай супольнасці, а не афіцыйным структурам. У сваім маніфесце каманда зазначае, што беларускае мастацтва заўсёды вымушана было існаваць паралельна — ад часоў Шагала і Суціна да сучаснага эмігранцкага самвыдату. Для творцаў, сярод якіх таксама мастак Сяргей Грыневіч, гэтая выстава ў Венецыі з’яўляецца не проста прадстаўніцтвам, а актам вяртання свайго права на голас (reclamation).

«„Official. Unofficial. Belarus.“ сігналізуе аб тым, што менавіта беларуская незалежная культура — а не рэжым — валодае культурным аўтарытэтам. Мы, калектыў беларускіх мастакоў, усе цяпер у выгнанні, паходзім з краіны мастакоў сусветнага ўзроўню, мысляроў і культурных інаватараў, і мы ганарымся тым, што паказваем сваю радзіму свету праз іх прызму, а не так, як яе вызначае дзяржава», — падкрэслівае Наталля Каляда.

Выстава «Official. Unofficial. Belarus.» будзе адкрыта для наведвальнікаў з 9 мая па 22 лістапада 2026 года.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!