Фото: Татьяна Замировская, Facebook.
Беларуская пісьменніца Таццяна Заміроўская паведаміла пра выхад сваёй новай кнігі. Зборнік апавяданняў пад назвай «Некаторыя рэчы ўжо адбыліся» («Некоторые вещи ужо произошли») стаў рэфлексіяй над апошнімі пяццю гадамі жыцця аўтаркі — з 2020 па 2024 год.
Афармленне кнігі мае сваю гісторыю: вокладку аздобіла карціна «Памылковая формула» мастака і панк-музыканта Васіля Пачыцкага, які памёр у 2020 годзе.
«Гэта кніга-справаздача пра тое, што адбылося. Яна не могла быць іншай, яна не могла здарыцца па-іншаму. Некаторыя рэчы ўжо адбыліся — і гэта кніга таксама такая рэч… Я б вельмі хацела, каб яна знайшла таго самога чытача, якому ад яе стане трошкі лягчэй і які з некаторай парадаксальнай пост-апакаліптычнай палёгкай зразумее, што ён не адзін», — адзначыла пісьменніца ў сваіх сацсетках.
У кнізе Заміроўская даследуе, як вялікія і асабістыя катастрофы ўплываюць на мову, ідэнтычнасць і псіхіку. У зборнік увайшлі апавяданні з сусвету яе рамана «Смерці.net», тэксты для міжнародных арт-праектаў (у прыватнасці, для праектаў MMoma, Mumok Museum Wien і іншых інстытуцый), «шмат амерыканскіх апавяданняў», «шмат беларускіх», а таксама гісторыі з працягам. Напрыклад, па апавяданні «Менавіта тым, чым падаецца» разам з рэжысёркай Дар’яй Жук ужо напісаны сцэнарый для фільма, а тэкст «Я могу поговорить с живым человеком?» дасць назву будучай англамоўнай кнізе аўтаркі.
Кніга выйшла ў «Выдавецтве Алены Шубінай». Шматмоўнае апавяданне з беларускамоўнымі фрагментамі захавалі ў арыгінальным выглядзе.
Выданне ўжо можна набыць у крамах Варшавы (Bukinistka), Латвіі (kniga.lv), ЗША (Kvartirabooks) і нават у Беларусі (на oz.by).
Таццяна Заміроўская — беларуская пісьменніца, журналістка, музычны крытык. Аўтарка зборнікаў «Жыццё без шуму і болю», «Зямля выпадковых лікаў», «Вараб’іная рака», рамана «Смерці.net», а таксама апошніх прац — «Свечы Апакаліпсісу» і зборніка эсэ «Эўрыдыка, правер, ці выключыла ты газ». Ужо больш за дзесяць гадоў жыве і працуе ў Нью-Ёрку.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram