Фота: Reform.news.
Беларускі стрыт-арт мастак Міхась Мішук зрабіў новую працу ў Варшаве. На гэты раз яго культавы персанаж — вадалаз — «усплыў» у акваторыі Віслы ў кампаніі галоўнага сімвала польскай сталіцы — Варшаўскай русалкі (Syrenka). Герой паўстае ў розных месцах так хутка і нечакана, што самы час задаць пытанне, ці не жыве ён асобным жыццём? Reform.news пацікаўвіўся ў мастака, ці не раман гэта ў вадалаза з мясцовай заступніцай?
«Я б не сказаў, што гэта раман [смяецца]. Хутчэй, гэта была спроба быць больш зразумелым мясцоваму гледачу…» — адказаў Міхась і распавёў, як нарадзілася ідэя такой калабарацыі:
«Першы год я маляваў і клеіў вадалазаў і нават хадзіў з ім на мітынгі замест транспаранта. І мне здавалася, што ён даволі чужародны ў гэтай прасторы, адштурхоўвае гледача як нешта незразумелае. Таму ў мяне нарадзілася ідэя зрабіць калабарацыю з вядомым мясцовым сімвалам, каб зацікавіць і пазнаёміць. Заўсёды ж прасцей, калі ў кампаніі вам прадстаўляе незнаёмага чалавека той, каго вы ведаеце і ў кім упэўненыя. Русалка — сімвал і заступніца Варшавы. І гэта спрацавала!».
Паводле слоў творцы, паміж персанажамі няма рамантычных адносін, але ёсць агульная прастора і дапамога адзін аднаму:
«У іх агульнае асяроддзе пражывання, сімбіёз і ўзаемадапамога. Хоць я могу памыляцца. Ва ўсім вадалаз знаходзіцца ў свабодным плаванні і сам генеруе ідэі ды сэнсы, а я толькі за німі назіраю. Спадзяюся, гэтая праца дажыве да вясенняй паводкі, а можа, пакажацца з-пад вады наступным летам».
Міхась Мішук дадаў, што некаторыя варшавяне ўжо лічаць вадалаза сваім нефармальным сімвалам: бачачы яго выявы ў іншых гарадах і краінах, яны дасылаюць мастаку фота з подпісамі: «О, бачылі нашага вадалаза там і там!».
У будучыні мастак плануе рэалізаваць яшчэ больш маштабную і доўгатэрміновую задуму: «Агулам ёсць ідэя зрабіць больш даўгавечную інсталяцыю на беразе Віслы. Можа, калі-небудзь гэта атрымаецца».
Вадалазы Міхася Мішука — ужо культавыя аб’екты для Варшавы, хоць мастак расклейвае іх у розных гарадах свету. (Іх колькасць вылучаецца ў некалькі сотняў). Упершыню гэты персанаж з’явіўся ў Мінску яшчэ ў 2013 годзе як умоўны вобраз самога аўтара — адзінокага чалавека ў футляры, які плыве па горадзе ў ахоўным касцюме. У маі гэтага года Міхась Мішук зладзіў персанальную «паралельную праграму» на Венецыянскім біенале, расклеіўшы свае фірмовыя выявы ў Венецыі.
Чытаць інтэрв’ю з Міхасём Мішукам пра яго праекты можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram