Не менш як 151 чалавек са сферы культуры адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі ці на «хіміі»: Беларускі ПЭН падрыхтаваў маніторынг парушэнняў культурных правоў

На сайце Беларускага ПЭНа апублікаваны новы аналітычны матэрыял, прысвечаны стану беларускай культуры са студзеня па верасень 2025 года. Гэты матэрыял падрыхтаваны на падставе абагульненай інфармацыі, сабранай маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа з адкрытых крыніц, праз асабістыя кантакты і непасрэдную камунікацыю з дзеячамі культуры.

Са студзеня па верасень 2025 года ў Беларусі працягваліся пераслед за іншадумства і выказванне меркавання, адвольныя затрыманні і арышты, палітычна матываваны адміністрацыйны і крымінальны пераслед дзеячаў культуры ўнутры краіны, а таксама тых, хто знаходзіцца за яе межамі.

Мелі месца цэнзура і адмена культурных мерапрыемстваў, прымусовая ліквідацыя грамадскіх арганізацый. «Экстрэмісцкія» спісы папоўніліся новымі імёнамі, ініцыятывамі і матэрыяламі, а спіс друкаваных выданняў, распаўсюд якіх нібыта шкодзіць нацыянальным інтарэсам краіны, – новымі кнігамі.

Сярод тэм трэцяга квартала – памілаванне 11 верасня і дэпартацыя з Беларусі ў Літву 52 чалавек, у тым ліку 40 палітзняволеных, сярод якіх – 11 прадстаўнікоў сферы культуры: Уладзімір Мацкевіч, Павел Мажэйка, Зміцер Дашкевіч, Мікола Дзядок, Павел Вінаградаў, Ларыса Шчыракова, Яўген Меркіс, Аляксандр Манцэвіч, Аляксей Сіленка, Глеб Гладкоўскі і Сяргей Спарыш. Поўная ізаляцыя палітзняволенага адваката, літаратара і барда Максіма Знака, якая трывае ўжо больш за 2,5 года.

Выпадкі прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўдзел у мірных акцыях пратэсту 2020 года выкладчыкаў музыкі; затрыманні арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, у тым ліку лаяльных да палітычнага рэжыму; адмена прэм’еры спектакля «Сёстры Грым» у сталічным Тэатры лялек.

Працяг распродажу маёмасці, канфіскаванай у палітзняволенага мецэната і бізнесмена Віктара Бабарыкі: на аўкцыён выставілі 19 карцін з яго прыватнай калекцыі. Пераслед дзеячаў культуры ў эміграцыі – у прыватнасці, пагрозы жыццю былому міністру культуры Беларусі Паўлу Латушку.

Прызнанне «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» панк-гурта Dzieciuki і брэнда ювелірных упрыгожанняў Belaruskicry. «Экстрэмісцкімі матэрыяламі» – дзвюх кніг беларускага філосафа Валянціна Акудовіча і прыгодніцкіх гісторый-фэнтэзі для старшакласнікаў Валерыя Гапеева, а таксама інтэрнэт-рэсурсаў электроннай бібліятэкі Kamunikat.org, тры нумары часопіса «Беларусь і свет»; сайт і лагатып Kresy24.pl – пра сённяшнюю сітуацыю, культуру і гісторыю палякаў за мяжой; YouTube-канал «Delfi Літва»; старонкі праекта былых актораў Купалаўскага тэатра «ЧынЧынЧэнэл», старонкі арганізацыі папулярызацыі беларускай культурыFundacja Tutaka (Telegram і Facebook), а таксама сайт і сацсеткі фестывалю беларускай культуры на Падляшшы Tutaka Fest (Instagram і Facebook), Instagram- і Telegram-старонкі, лагатып ethno.art.by – Школы традыцыйнай беларускай культуры ў Варшаве і іншыя.

Спіс друкаваных выданняў, распаўсюджанне якіх нібыта можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны, папоўніўся дзвюма кнігамі Сашы Філіпенкі і зборнікам «Вось яны, а вось мы: беларуская паэзія і вершы салідарнасці» – вершамі сучасных беларускіх паэтаў і тэкстамі салідарнасці, напісанымі ў падтрымку пратэставых падзей жніўня 2020 года.

ПЭН працягвае фіксаваць выпадкі зняцця работ з мастацкіх выставак, забароны на публікацыі ў дзяржаўнай перыёдыцы для «нядобранадзейных» аўтараў, адмовы ў распаўсюдзе прадукцыі прыватных выдавецтваў, персанальныя забароны на публічныя выступленні, а таксама неўзгадненне канцэртаў незалежных музыкаў. Так, лідар гурта «Без білета» Віталь Артыст, чый апошні канцэрт у Мінску адбыўся яшчэ ў 2019 годзе, мусіў звяртацца да ўладаў праз відэа ў TikTok з прапановай «узгадніць канцэрт». Сёння творчыя людзі апынуліся ў становішчы, калі ім даводзіцца літаральна прасіць дазвол на права выступаць.

Сярод кірункаў дзяржаўнай палітыкі – уступленне ў сілу пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 454 «Аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў», якая яшчэ больш узмацніла меры кантролю і дзяржаўнага рэгулявання ў сферы культуры і публічных ініцыятыў; пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі і Беларускай праваслаўнай царквой у супрацьдзеянні выданням, «якія прыходзяць звонку»; стварэнне Камісіі Парламенцкага схода па захаванні і абароне «правільнай» гістарычнай памяці; пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў сферы інтэлектуальнай уласнасці і іншыя крокі.

Падрабязней з парушэннямі культурных правоў можна пазнаёміцца на сайце Беларускага ПЭНа.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!