Фота: сацсеткі НЦСМ.
Больш за сто арыгінальных адбіткаў 1960-х — 1980-х гадоў — у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў працуе выстава класіка беларускай фатаграфіі Віктара Бутры.
«Эфект назіральніка» — гэта бадай самый прадстаўнічы выставачны праект фатографа, які заўжды займаў асобную пазіцыю ў беларускай фатаграфіі. Аўтар знакамітых іканічных выяў «Неспрыяльны сыход», «Натхненне дантыста», цыкла «Сяло вачыма гараджаніна», серый «Бяда», «Вербная нядзеля ў Глыбокім», «Летнія канікулы на Енісеі» вылучаўся гуманным і адначасова вострым поглядам на свет.
Стваральнікі выставы «Эфект назіральніка» пастараліся сабраць фотаздымкі розных дзесяцігоддзяў аўтарства Віктара Бурты, і гэта — аналагавая фатаграфія, якая фіксуе жыццё ў Беларусі, Расіі і Латвіі ў савецкі час. Фатаграфія мастака, які не баяўся прадставіць неабыякавы погляд на свет у часы «адрэгуляванай» візуальнай культуры.
Віктар Бутра, які нарадзіўся ў Латвіі, прыехаў у Беларусь у 1960-я гады. Па асноўнай прафесіі ўрач-патолагаанатам, ён пэўны час ставіўся да фатаграфіі як да аматарскай практыкі. Але гэта зусім не перашкодзіла аўтару друкавацца ў медыя, мець узнагароды на рэспубліканскіх і абласных выставах за свае фотаздымкі, быць сябрам у некалькіх саюзных фотаклубах. З часам захапленне, якое дазваляла атрымаць дадатковы заробак, перарасло ў штосьці ў іншае.
Дарэчы, у фотаклуб «Мінск» фатограф уступіў не адразу. У 1973-м, калі паказаў свае адбіткі калегам у фатаграфічным аб’яднанні, не знайшоў паразумення — фатаграфія Віктара Бутры папросту адрозніваліся ад «матэрыялу», які панаваў у клубе. Віктар Бутра не чакаў такой рэакцыі, але з часам вярнуўся ў фотаклуб. Як ён распавядаў, «знайшоў людзей, блізкіх па духу»: фатографаў-шасцідзясятнікаў Яўгена Казюлю, Анатоля Дудкіна, Юрыя Васільева, Уладзіміра Няхайчыка, Міхаіла Жылінскага, а таксама Валерыя Лабко — фатографа і педагога, які стаў натхняльнікам Мінскай школы фатаграфіі. З часам Віктар Бутра ўліўся ў працу фотаклуба, а пасля ўвайшоў у аргкамітэт усесаюзнага фестывалю «Фотаграфіка», які ладзіўся ў Мінску — падзеі, якая ў тыя часы «грымела» на ўвесь Савецкі Саюз.
Адзначым, што многія фотаздымкі аўтара, які мелі славу ў фатаграфічных колах, дзесяцігоддзямі паказваліся менавіта з рук. Бо савецкія ідэалогі не прапускалі іх на публічныя выставы. У прыватнасці, гэта датычылася і знакамітага фотаздымка «Натхненне дантыста», які «праляжаў» дзесяць гадоў, пакуль фатаграфію не ўзялі на міжклубную выставу «Юмарына» ў Адэсе (1976), дзе яна атрымала трэцяе месца.
Яе, як і дзясяткі іншых запамінальных работ Віктара Бутры можна ўбачыць на выставе «Эфект назіральніка». Куратарка экспазіцыі Дзіна Даніловіч не стала пазначаць пэўныя перыяды ў біяграфіі майстра, а хутчэй прапанавала занурыцца ў фатаграфію майстра як мага поўна. Фотаздымкі розных памераў, канфігурацый запаўняюць сцены дзвюх залаў — і гэта найбольш шырокае знаёмства і з эпохай, і з фатаграфіяй 1970-х, і з метадам і арыгінальным поглядам Віктара Бутры.
Бо таксама выстава прыадкрывае дзверы ў творчую «кухню» фатографа: у экспазіцыі можна ўбачыць «кантрольныя адбіткі» з плёнкі, розныя варыянты кадраў, хімічныя формулы раствораў, якімі карыстаецца фатограф. Аналагавая фатаграфія сёння вяртае свае пазіцыі — фатографы розных пакаленняў аддаюць перавагу здымкам на стужку, і выстава дае магчымасць пазнаёміцца з аналагавай эрай ува ўсёй красе. Як і з асабістымі пошукамі майстра ў тэхнічных працэсах.
Таксама гэта выдатная магчымасць убачыць культуру арыгінальнага адбітка, якая панавала ў тыя часы.
Апісваючы фатаграфію Віктара Бутры, вядома, можна ўзгадаць «вырашальны момант» французскага фатографа Анры Карцье-Брэсона, калі аўтар мусіць паспець «схапіць» тое самае непаўторнае імгненне жыцця. Але ў выпадку з беларускім класікам фатаграфіі важна не толькі гэта.
Пазбягаючы банальных сюжэтаў аматарскай фатаграфіі — «люцікаў, коняў, заходаў сонца», Віктар Бутра адгукаўся на «простую скаданасць» свету, калі ў адным кадры праз захаванне забаўнай, цікавай ці ўражальнай гісторыі адлюстроўваецца парадаксальнасць чалавечага жыцця, чалавечай натуры, аблічча часу. У Віктара Бутры шмат прыўкрасных фотаздымкаў — смешных, натхнёных, лірычных, але фатограф не адводзіў вачэй ад непрыглядных бакоў жыцця — і заўжды «рэагаваў» на чалавечую боль, гора, несправядлівасць. Менавіта таму сёння фотаздымкі аўтара, якія прайшлі праверку часам, выклікаюць водгук гледача.
Выстава «Эфект назіральніка» будзе працаваць да 23 сакавіка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram