Навукоўцы Акадэміі навук стварылі сайт з архіўнымі запісамі беларускіх казак

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры пры Акадэміі навук стварыў унікальную інтэрнэт-старонку з архіўнымі запісамі казак, зробленыя навукоўцамі з канца 1960-х да 2000-х гадоў.

Аўдыёзапісы расшыфраваныя і казкі можна прачытаць, запісы суправаджаюцца звесткамі пра апавядальніка, збіральніка, месца фіксацыі і магчымай публікацыі.

За час выканання праекта адбылася франтальная і амаль усеахопная праца па выяўленні запісаў казак у магчымых архівах і сховішчах. Была праведзена пошукавая праца па каталогах важнейшых архіваў Масквы і Санкт-Пецярбурга.

Сярод россыпу адзінкавых тэкстаў, каштоўных ужо фактам сваёй фіксацыі ў ХІХ стагоддзі, атрымалася займець копіі вельмі каштоўных дакументаў. Праведзена франтальная пошукавая праца ў архівах краіны.

Казкі раскласіфікаваныя па асноўных жанравых групах: казкі пра жывёл, кумулятыўныя казкі, чарадзейныя, легендарныя, сацыяльна-бытавыя казкі і небыліцы.

Мэта праекта — актуалізаваць традыцыі народнай казкі як інструмента захавання нацыянальнай ідэнтычнасці. «Міфалагічныя вытокі беларускай казкі сягаюць часоў індаеўрапейскай еднасці і акцэнтуюць даўнія абрады ініцыяцыі. З такога бачання казка паўстае як спецыфічны код культуры, эвалюцыйна правераны своеасаблівы механізм пераводу хаосу першапачатковых інстынктаў ва ўпарадкаванае цэлае казачнага ўніверсуму», — пішуць стваральнікі праекта.

Кіраўнік праекта і аўтар тэкстаў – Таццяна Валодзіна.

Таксама ў рамках праекта навукоўцы падрыхтавалі да друку тры важкія тамы анталогіі «Беларускія народныя казкі».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!