Учора ў варшаўскім клубе Progresja адбыўся вялікі сольны канцэрт Naviband. Некалькі пакаленняў гледачоў — ад малога да вялікага, увесь бамонд беларускай эміграцыі (агулам на выступленне прыйшло некалькі тысяч чалавек) сабраліся разам адзначыць 10-годдзе гурта, які некалі ўварваўся ў прастору Беларусі песняй «Абдымі мяне».
Ігар Сігоў, Мікіта Мелказёраў, Аляксандр Івулін, Сцяпан Пуціла, Аляксандр Мілінкевіч, Павел Латушка, Дзяніс Тарасенка, Маша Яр… — канцэрт Naviband не абмінулі ўвагай, здаецца, усе вядомыя персоны беларускага істэблішменту. Вялікая зала на некалькі тысяч чалавек клуба Progresja запоўнена цалкам, і як на пачатку выступлення заўважыў музыка Navi Арцём Лук’яненка, калі гурт некалькі гадоў таму перабраўся ў замежжа, на іх першае выступленне прыйшло недзе 300 чалавек, і вось зараз Варшава сустракае артыстаў з размахам.
Сказаць, што атмасфера была выдатная — не сказаць нічога. Бачна, што Naviband любяць. На канцэрт прыехалі беларусы з розных гарадоў замежжа і з Беларусі. Людзі на імпрэзу прыйшлі сем’ямі, з дзецьмі — чаму да месца казаць пра некалькі пакаленняў. Фаны падрыхтавалі да шоу некалькі флэшмобаў — гэта быў вечар яднання, музыкі і адпачынку. Калі публіка скандавала «Жыве Беларусь!», было зразумела, што ўсё гэта нават больш, чым музыка: такія сустрэчы — пра радасць, надзею і падтрымку адно аднаго. Пра адчуванне супольнасці са сваёй гісторыяй, шляхам і культурай.
Падчас выканання хіта «Абдымі мяне» на задніку сцэны дэманстраваліся архіўныя кадры першых выступаў Naviband. І гэта глядзелася не толькі як пацеха — за дзесяць гадоў Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка і Ко прайшлі вялікі шлях. Ці да месца казаць пра еўрапейскае аблічча поп-індзі гурта, — але Naviband адшліфавалі гэты вобраз да пазнавальнага брэнда.
Гурт зараз знаходзіцца ў добрай музычнай форме, і калі можна паспрачацца наконт музычных прыхільнасцяў, не аддаць належнае Navi як прафесійнай камандзе немагчыма. Гэта каманда са сваім абліччам, энергетыкай і стылем, якая прапаноўвае публіцы ўжо і шоу.
Сімвалічны капітал калектыва таксама ў тым, што маючы ў Беларусі 2019 года статус аднаго з галоўных беларускіх поп-гуртоў, група не пабаялася яго згубіць, выступіўшы ў 2020-м на баку мірных беларускіх пратэстаў. І, нягледзячы на пакутлівую «перазагрузку» ў замежжы, здолела яго пацвердзіць наноў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram