Фота: сацсеткі фестываля.
Стала вядома, што XVII міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грюнвальд 2026», які меўся прайсці ў канцы ліпеня, не адбудзецца.
Адпаведную заяву апублікавалі арганізатары фэсту ў афіцыйных сацсетках.
«Гэта паведамленне даецца нам вельмі няпроста. З вялікім шкадаваннем паведамляем: нягледзячы на каласальную падрыхтоўку, шматмесячную працу і ўсе нашы намаганні, XVII фестываль гістарычнай рэканструкцыі „Наш Грюнвальд 2026“ не адбудзецца ў канцы ліпеня ў Дудутках, як гэта было 16 гадоў запар. Абставіны склаліся так, што правесці фестываль у запланаваныя даты мы не зможам», — гаворыцца ў паведамленні.
Арганізатары адзначылі, што цяпер шукаюць магчымасць перанесці падзею на іншы месяц. Аднак, калі зрабіць гэта не атрымаецца, каманда пачне рыхтавацца ўжо да наступнага года. Прычыны адмены фэсту ў публічнай заяве дэталёва не раскрываюцца.
Навіна пра адмену выклікала хвалю суму і расчаравання сярод прыхільнікаў фэсту. У каментарах пад афіцыйнай заявай карыстальнікі адзначаюць, што гэта ўжо не першая падобная навіна ў гэтым сезоне, і згадваюць іншыя адмененыя мерапрыемствы.
«Ожидаемо, после отмены «Свята Сонца» и «Солнцестояния» (адмненыя ў гэтым годзе фестывалі — заўвага Reform.news). Тем не менее все равно грустно», «Какая жалость, столько лет подряд фестиваль „Наш Грюнвальд“ был главным событием лета. Будем верить, что перенос состоится!», «Хай у вас усё атрымаецца! Мы кожны год усёй сям’ёй чакаем фестываль. Дзякуй, што вы ёсць», «Очень, очень жаль, это лучший фест в Беларуси», — пішуць карыстальнікі.
Некаторыя прыхільнікі нават прапануюць запусціць хвалю падтрымкі: «Куда нам всем нужно обратиться в поддержку фестиваля. Может поддержка фанатов поможет?». Тым не менш, большасць проста жадае арганізатарам сіл і спадзяецца на сустрэчу ў будучыні.
Фестываль «Наш Грюнвальд» традыцыйна прысвячаўся гадавіне знакамітай Грюнвальдскай бітвы (15 ліпеня 1410 года) і з’яўляўся адной з самых папулярных культурна-гістарычных падзей у Беларусі. На працягу многіх гадоў ён збіраў у музейным комплексе «Дудуткі» сотні рэканструктараў з розных краін, а таксама тысячы гледачоў, прапануючы маштабныя рыцарскія турніры, бугурты, кірмашы рамеснікаў і буйныя канцэрты фолк- і рок-выканаўцаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram