«Нашу спадчыну ад вынішчэння можа выратаваць толькі адсутнасць сродкаў»: што стаіць за спісам гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі

Главное
Унікальныя царскія казармы ў Гродна знесены паводле рашэння архітэктурна-горадабудаўнічага савета пры Гродзенскім гарвыканаме. Фота: hrodna.life.

Сёння, 18 красавіка, адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. З гэтай нагоды Міністэрства культуры выклала свежыя даныя са спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

У спіс уключаны 5685 аб’ектаў — матэрыяльныя і нематэрыяльныя гістарычныя каштоўнасці. Ён штогод папаўняецца: у 2023 годзе дадаліся 24 новыя аб’екты, у 2022-м — 15. Аднак, назіраючы за сумнымі выпадкамі знішчэння гістарычных будынкаў ці прыкладамі непрафесійнай рэстаўрацыі, закрадаецца пытанне: ці ўсё так добра, як рапартуюць дзяржаўныя інстытуцыі, з аховай помнікаў у краіне? Reform.news пацікавіўся апошнімі тэндэнцыямі ў ахове помнікаў у эксперта.

«Сапраўды, калі глядзець на колькасць помнікаў у Беларусі, то гэты лік, з аднаго боку, здаецца вельмі вялікім — аж больш за 5000 аб’ектаў — і ўвесь час павялічваецца. Але калі капнуць глыбей гэтай абстрактнай лічбы, то выявіцца, што ўсё не вельмі добра.

Можна пачаць з таго, што ў нас ёсць раёны, можа, нават некалькі дзясяткаў раёнаў, дзе гісторыка-культурнай каштоўнасцю не прызнаны не толькі аніводны будынак, але нават і помнік археалогіі, толькі брацкія магілы. Адчуванне, што ў гэтых раёнах, а гэта пераважна ўсход Беларусі, людзі ніколі не жылі, а толькі прыязджалі паміраць. У гэтых раёнах ёсць і каштоўныя будынкі, і старыя сядзібныя паркі, і, натуральна, сотні і сотні археалагічных помнікаў. Але іх няма для дзяржавы.

Калі адкрыць савецкія «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», якія былі складзены ў 1984—1988 гады навукоўцамі Акадэміі навук БССР як афіцыйныя спісы ўзятых пад дзяржаўную ахову аб’ектаў, то выявіцца, што там у разы больш пазіцый, чым сёння ў Дзяржаўным спісе. Тут варта абмовіцца, што, вядома, там вельмі шмат розных брацкіх магіл і помнікаў Леніну, а ў Дзяржаўны спіс унесены комплексныя славутасці, напрыклад, гістарычныя цэнтры, дзе будынкаў звычайна больш, чым у аналагічных пазіцыях савецкага спісу. Але нават калі ўлічыць усё гэта — там усё роўна  усяго больш: сядзіб і паркаў, касцёлаў і цэркваў (савецкая дзяржава, на хвіліначку), прамысловых помнікаў і савецкага мадэрнізму.

«Нашу спадчыну ад вынішчэння можа выратаваць толькі адсутнасць сродкаў»: што стаіць за спісам гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі
У 2012-м першая мінская электрастанцыя была знесена дзеля будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу. Замест яе ўсталявалі нягеглую канструкцыю. Фота: reform.news.

Нас кожны год радуюць тым, што спіс расце. А за кошт чаго ён расце? У 2023 годзе дадалі 24 аб’екты, але толькі 10 з іх помнікі архітэктуры ці горадабудаўніцтва, астатнія — нематэрыяльная спадчына. З гэтых дзесяці ці не палова праўдамі-няпраўдамі прасунута прыватнымі асобамі. Вось характэрны прыклад таго, за кошт чаго расце Дзяржаўны спіс: летась ахоўны статус атрымаў Лынтупскі касцёл, пабудаваны славутым архітэктарам Тадэвушам Раствароўскім. Прагрэс? Ніякага прагрэсу, гэта касцёл ужо меў ахоўны статус за савецкім часам.

Калі стваралі новы спіс, то з месцаў атрымлівалі звесткі пра тыя помнікі, што ў іх знаходзяцца. Чыноўнікі не падавалі інфармацыі і ўсяляк стараліся, каб гістарычныя аб’екты не ўзялі пад ахову, каб на іх не павесілі гэтую адказнасць.

«Нашу спадчыну ад вынішчэння можа выратаваць толькі адсутнасць сродкаў»: што стаіць за спісам гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі
На лошыцкай вінакурні да падмуркаў разабралі адзін з карпусоў і палову вадзянога млына. Фота: facebook/Miensk.space.time

А пасля многае з таго, што «згубілася», проста знішчылі. Цяпер актывістам трэба траціць свой час, сілы і грошы на тое, каб падрыхтаваць навуковае абгрунтаванне, чаму нейкі аб’ект трэба дадаць у спіс. Ало! Гэта ўжо было зроблена навукоўцамі з НАН у 1980-я гады! У чым праблема сесці, пераправерыць савецкія «Зборы помнікаў» і вярнуць пад ахову тое, што згубілася, — загадка. Відаць, ні ў каго няма палітычнай волі на такое.

Некаторыя выпадкі проста камічныя. Славутай гімназіі ў Слуцку, найстарэйшай дзеючай школе ў Беларусі, дагэтуль не вернуты ахоўны статус. І мясцовыя ўлады не хочуць, бо як жа яны еўрарамонты тады будуць рабіць? Слуцкая гімназія — гэта помнік рэспубліканскага значэння, але дзяржава адмаўляецца яго ахоўваць.

Сама сістэма ўзяцця пад ахову — гэта асобны боль. У іншых развітых краінах, як і ў БССР калісьці, ёсць цэлыя профільныя ведамствы, якія шукаюць новыя помнікі, апісваюць іх, даследуюць, бяруць пад ахову. У Беларусі гэтым не займаецца ніхто. Калі ў Літве можна проста паведаміць, што ў нас тут, здаецца, сядзіба XIX стагоддзя не ўлічаная, то ў Беларусі трэба падрыхтаваць цэлую навуковую работу, каб даказаць, што аб’ект мае права на ахову. І разглядаць яго будуць невядома хто ў абласных саветах. Мы сапраўды не ведаем, хто там сядзіць, хутчэй за ўсё бюджэтнікі, якія прагаласуюць як таго патрабуюць гаспадарча-эканамічныя патрэбы выканкама.

Усё, што без статусу, зносіцца на раз-два, часам зносіцца быццам назло. Былі выпадкі, дзе чакалі адмоўнага рашэння савета па пытанні надання статусу, а праз месяц прыязджаў бульдозер і знішчаў. Для чыноўнікаў гэта адказнасць, а адказныя яны не перад нацыяй, а перад вышэйстаячым чыноўнікам. Ніякага разумення каштоўнасці і любові да роднага краю ў большасці з іх няма.

А вось выключыць аб’ект — няма праблем, хоць законна гэта зрабіць амаль немагчыма. Арцём Брухан нядаўна распавёў, як сам удзельнічаў у выключэнні са спісу і наступным знішчэнні камяніцы польскага часу ў Брэсце, калі пасярод гістарычнага цэнтра ставілі ўродскі лялечны тэатр і патрэбная была паркоўка пад яго.

«Нашу спадчыну ад вынішчэння можа выратаваць толькі адсутнасць сродкаў»: што стаіць за спісам гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі
Дом 1930-х гадоў у стылі канструктывізму ў Брэсце знеслі пад паркоўку. Фота: binkl.me

Сёння з абласных саветаў і Рады пры Мінкультуры, з Акадэміі навук, Міністэрства культуры і праектных інстытутаў выкінутыя «недобранадзейныя» спецыялісты, якія раней яшчэ маглі неяк паўплываць на сітуацыю. Міністэрства перадала большасць сваіх функцый выканкамам. Вынікі незаконных ці навукова неабгрунтаваных работ ніхто не выпраўляе, а штрафы за парушэнні проста смешныя. У гэтых умовах беларускую спадчыну ад вынішчэння можа выратаваць толькі адсутнасць сродкаў, калі проста не будзе грошай нішчыць старое».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: