Народная амбасада Беларусі ў Чарнагорыі ў сваім тэлеграм-канале выказала занепакоенасць зрывам выступаў беларускай групы «Ляпис Трубецкой» з-за акцый прарасійскіх актывістаў. Канцэрты павінны былі адбыцца ў чарнагорскіх гарадах Котар і Будве 14-15 лютага, перад гэтым выступ быў адменены ў сталіцы Сербіі Бялградзе. Гурту адмовілі ў прадастаўленні пляцовак для канцэртаў. Музыкі патлумачылі гэта палітычным ціскам.
«Чарнагорыя стала новым домам для мноства беларусаў, якія пераследуюцца ў іх роднай краіне за імкненне да праўды і свабоды слова. Тут беларусы могуць адчуваць сябе ў бяспецы, а гэтая агрэсія ў бок беларуска-ўкраінскай групы, якая падтрымлівае беларусаў і ўкраінцаў у іх барацьбе за свабоду, беспрэцэдэнтная», – гаворыцца ў паведамленні Народнай амбасады.
Для адмены канцэрту была праведзеная акцыя прасербскіх актывістаў каля клуба ў Будве, дзе планаваўся канцэрт, распаўсюджвалася інфармацыя пра магчымыя бомбы ў будынку. Акрамя таго, магчыма, што кіраўніцтву пляцовак, дзе планаваліся канцэрты, таксама пагражалі.
«Мы спадзяемся, што праваахоўныя органы Чарнагорыі зробяць усё магчымае, каб падобныя інцыдэнты не паўтарыліся і ў будучыні Чарнагорыя застанецца гасціннай краінай, адкрытай для ўсіх творчых асоб і культурных мерапрыемстваў,» – паведамляе Народная амбасада.
Амбасада выказвае ўдзячнасць за актыўную пазіцыю кааліцыі арганізатараў антываенных акцый у Чарнагорыі, якая накіравала зварот да прэм’ер-міністра ў тэхнічным мандаце Дрытану Абазовічу і ў Міністэрства ўнутраных спраў, і Пасольству Украіны ў Чарнагорыі, якое таксама выступіла з афіцыйнай заявай з нагоды адмены канцэрту.
У Чарнагорыі няма афіцыйнага дыпламатычнага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь, яго функцыі выконвае Пасольства Рэспублікі Беларусь у Бялградзе (Сербія). Таму функцыі абароны правоў і інтарэсаў беларусаў у Чарнагорыі ўзяла на сябе Народная амбасада беларусаў у Чарнагорыі, якая прадстаўляе ў Рэспубліцы Чарнагорыя пазіцыю дэмакратычнай Беларусі ў асобе нацыянальнага лідара Святланы Ціханоўскай і Народнага антыкрызіснага кіравання (НАК).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram