Фота: t.me/iinanb
Аўтар тэлеграм-канала «Спадчына» звярнуўся ў Ваўкавыскі райвыканкам з прапановай падрыхтаваць прапанову аб наданні руінам драўлянай царквы 1642 года пабудовы, размешчанай на могілках у вёсцы Калантаі, статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, бо, як раней паведамляў Інстытут гісторыі НАНБ, удалося знайсці крыніцы пра час яе ўзвядзення — а гэта азначае, што на гэты момант зруб з’яўляецца ці не найстарэйшай дакументальна пацверджанай драўлянай пабудовай у Беларусі (Лямус у Гродне — 1769 года).
Чыноўнікі выехалі на месца і звязаліся з супрацоўнікамі Інстытута гісторыі. У адказе адзначаюць, што ступень захаванасці дрэнная, «аб’ект патрабуе дадатковага прафесійнага абследавання і заключэння аб магчымасці захавання і кансервацыі».
Каб захаваць аб’ект, разглядаюць варыянт перанесці рэшткі царквы ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо пад Мінскам.
«Галоўнае, каб не перашкодзіў сумнавядомы «генплан музея», праз які ён адмаўляецца прымаць хоць якія новыя аб’екты, фактычна падпісваючы ім смяротны прысуд, як было з сядзібай у Двор-Гомель пад Полацкам», — пішуць у тэлеграм-канале.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram