Нацыянальны гістарычны архіў падрыхтаваў віртуальную выставу пра спадчыну татараў-мусульман

Віртуальная выстава «Маладзік над Свіслаччу», якая з’явілася ў выніку супрацоўніцтва Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Мусульманскай рэлігійнай супольнасці, прысвечана дакументальнай спадчыне татараў-мусульман Мінска і Міншчыны.

На выставе прадстаўлены старыя планы з пазначэннем мячэцяў і іншых аб’ектаў, звязаных з татарскай абшчынай Мінска, пячаткі, якімі завяраліся дакументы мінскіх імамаў, дакументы, звызаныя з будаўніцтвам і рамонтам мячэцяў Мінскай губерні, мусульманская метрычная кніга, якая вялася, верагодна, у Наваградскай джаміі, фотаздымкі мінскіх татараў, якія вучыліся або здавалі экзамены ў навучальных установах Мінска ў пачатку ХХ стагоддзя і іншае.

Найстарэйшыя дакументы датуюцца XVII стагоддзем. У адным з іх – угодлівым лісце татарына Рэчыпа Яскавіча Машэнчуковіча свайму дзеду князю Ахмецю Абрагімавічу аб вызваленні яго ад грашовых абавязкаў, які датуецца 1628–1640 гадамі, згадваецца мінскі мална Абрагім Юсуфавіч.

Самы ранні план Мінска, з фондаў НГАБ, на якім была пазначана мячэць, датуецца 1752 годам, часамі кіравання ў Рэчы Паспалітай караля Аўгуста ІІІ. На ёй таксама пазначаны стары мінскі мізар.

Таксама на выставе прадстаўлены планы зямельных участкаў і кварталаў, на якіх у пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся “мінскія магаметанскія могілкі” і Мінская саборная мячэць разам з апісаннем нерухомай маёмасці на іх.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.