На варшаўскай выставе «караля поль­ска­га рэ­парт­ажу» Мельхіёра Ваньковіча паказваюць міжваенныя здымкі з Беларусі

У варшаўскім Літаратурным музеі імя Адама Міцкевіча працуе выстава польскага пісьменніка і журналіста Мельхіёра Ваньковіча (1892-1974), якога называлі «ка­ралём поль­ска­га рэ­парт­ажу». Ён з’яўляецца адным з заступнікаў 2024 года ў Польшчы.

Мельхіёр Ваньковіч называў сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага. Бо па-першае, быў са старажытнага роду Ваньковічаў. Нам больш вядомы іншы прадстаўнік гэтага роду — мастак Валенцій Ваньковіч, у яго мінскім доме цяпер размешчаны музей. А ў двары музея — скульптура ў поўны рост аўтарства Уладзіміра Слабодчыкава. Скульптар увасобіў знакамітага жывапісца ў момант развітання з радзімай.

Па-другое, Мельхіёр Ваньковіч нарадзіўся пад Мінскам — у радавым маёнтку Калужыцы. У гэтым жа маёнтку — толькі 92 гады раней, у 1800-м — нарадзіўся і жывапісец Валенцій Ваньковіч.

Фрагмент экспазіцыі выставы Мельхіёра Ваньковіча. Фота: reform.news

Мельхіёр быў названы ў гонар свайго бацькі, паўстанца 1863-1864 гадоў, які памёр у год нараджэння сына. Маці памерла праз тры гады і будучы пісьменнік вырас на Ковеншчыне ў маёнтку бабулі. Час ранняга дзяцінства ён апісаў у аповесці пра заняпад землеўласніцкага жыцця «Шчанячыя гады», якая выйшла у 1934 годзе. У кнізе шмат месца адведзена страчаным рэаліям нашай краіны пачатку мінулага стагоддзя.

У міжваенны перыяд Ваньковіч прысвяціў сябе журналісцкай і літаратурнай творчасці, публікаваўся ў газетах «Kurier Warszawski», «Wiadomości Literackie» і «Kurier Poranny». Падчас Другой сусветнай працаваў ва­ен­ным ка­рэс­пан­дэн­там пры ар­міі ге­не­ра­ла Ан­дэр­са.

Мельхіёр Ваньковіч. Свята ў Будславе. Фота: reform.news

Выстава Мельхіёра Ваньковіча ў Літаратурным музеі падзелена на тры часткі: «Польшча», «ЗША», куды ён часова эміграваў пасля Другой сусветнай вайны, і «Паўночна-ўсходняя мяжа Другой рэспублікі» — здымкі Беларусі.

Фрагмент экспазіцыі выставы Мельхіёра Ваньковіча. Фота: reform.news.

З лета 1936 да 1938 года Мельхіёр Ваньковіч праехаў восем тысяч кіламетраў па землях былога Вялікага Княства Літоўскага, геаграфічнай Міншчыне, падзеленай у 1921 годзе Рыжскай дамовай. Рэпартажы з вандровак амаль штотыдзень ён публікаваў у «Kurierze Porannym». Яны часта былі крытычнымі: Ваньковіч фіксаваў разбураную пасля вайны інфраструктуру, крытыкаваў мясцовую ўладу, пра мяжу пісаў як пра радыеактыўны радый, у іншым рэпартажы апісваў працу жаўнераў Корпуса аховы памежжа, якія лавілі савецкіх дыверсантаў. Фіксаваў кантрасты мясцовага жыцця, рэлігійную разнастайнасць, каларытныя тыпажы мясцовых сялян, іх працу, адпачынкі і святы.

Фрагмент экспазіцыі выставы Мельхіёра Ваньковіча. Фота: reform.news.

Імя Мельхіёра Ваньковіча мала вядомае ў Беларусі. На яго малой радзіме, у Калюжыцах, дзе ад маёнтка нічога не засталося, толькі рэшткі радавога склепа на могілках, устаноўлены памятны камень-валун з мемарыяльнай дошкай; у доме-музеі Ваньковічаў у Мінску была адкрытая экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці Мельхіёра Ваньковіча.

Разварот каталога выставы Мельхіёра Ваньковіча.

Выстава пад назвай «Мельхіёр Ваньковіч. Фотарэпарцёр» працуе ў Літаратурным музеі імя Адама Міцкевіча (Rynek Starego Miasta 20, Warszawa) да 29 снежня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!