На сцэне Купалаўскага тэатра сёння распачынаецца Другі фестываль «Перамога», дзе пакажуць «найлепшыя спектаклі на ваенную тэму»

Другі тэатральны фестываль «Перамога», зладжаны Міністэрствам культуры з мэтай патрыятычнага выхавання грамадзян, сёння пачне сваю працу на сцэне Купалаўскага тэатра ў Мінску. Гледачам пакажуць адзінаццаць «найлепшых спектакляў на ваенную тэму за апошнія гады». А адкрываць форум будзе пастаноўка «А зоры тут ціхія», уласна, Тэатра імя Янкі Купалы ў рэжысуры расіяніна Дзмітрыя Акімава.

«На працягу адзінаццаці фестывальных дзён вы зможаце ўбачыць глыбокія і кранальныя гісторыі. Пра мужнасць, сяброўства, любоў і адвагу, якія змаглі пераадолець усе выпрабаванні вайны», — анансуе падзею Купалаўскі тэатр.

Афіша фестывалю даволі размаітая. Тут можна сустрэць, скажам, спектакль-разважанне беларускай рэжысёркі Вольгі Барысавец паводле п’есы расійскага драматурга Аляксандра Ігнашова «Нюрнберг. Лава падсудных» (Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі). Спектакль беларускага мэтра Алега Жугжды паводле «салдацкай казкі» Канстанціна Паўстоўскага «Прыгоды жука-насарога» (Гродзенскі абласны тэатр лялек). Гісторыю жыцця «Евфросиния Полоцкая. Святыя літары» (арфаграфія захавана) у спрэчнай пастаноўцы расійскага рэжысёра Дзяніса Казачука (Брэсцкі тэатр лялек). Монаспектакль актрысы Тэатра Якуба Коласа Зінаіды Журбо паводле твораў Васіля Быкава, Янкі Брыля і Уладзіміра Караткевіча «Незагойная рана»… То-бок і штосьці вартае, і штосьці, называецца, «па тэме». Пры гэтым становіцца відавочным тое, што ў рэпертуарах абласных тэатраў павялічылася і колькасць твораў расійскіх аўтараў, ды і колькасць запрошаных расійскіх адмыслоўцаў з адпаведнай культурнай оптыкай.

Фота: Афіша да фестываля.

Тэатральны фестываль «Перамога» быў арганізаваны Мiнiстэрствам культуры, аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкам, а таксама Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Янкі Купалы ў 2023 годзе. У пераліку мэтаў форуму называліся: папулярызацыя найлепшых спекталяў патрыятычнай тэматыкі; патрыятычнае выхаванне грамадзян; заахвочванне творчых работнікаў, якія ажыццяўляюць пастаноўку спектакляў патрыятычнай тэматыкі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.