Фрагмент экспазіцыі выставы Уладзіміра Навумюка і Віктара Кабаца «Урок пакоры. Лес_Рака». Фота: facebook/centrumkulturybialoruskiej
На гэтых выходных у будынку аддзялення архітэктуры Беластоцкай палітэхнікі праходзіць Kiрмаш мастацтва Art Białystok. Цэнтр беларускай культуры зладзіў выставу мастакоў Уладзіміра Навумюка і Віктара Кабаца «Урок пакоры. Лес_Рака».
Мастакоў аб’ядноўвае дзяцінства, праведзенае ў адной вёсцы. І беларуская ідэнтычнасць.
У ліпені 1941 года Трэці рэйх рэалізоўваў план па стварэнні на тэрыторыі Белавежскай пушчы закрытага паляўнічага заказніка для сваёй эліты, а таксама ліквідацыі партызанскай актыўнасці на яе абшары. Таму высяляліся, спусташаліся і паліліся пушчанскія вёскі.
Шасцігадовы ў той час Віця Кабац разам з сям’ёй дзякуючы дапамозе знаёмых і сваякоў са Скупава трапіў у вёску Канюкі над Нарвай. Праз некалькі сядзіб ад іх са сваёй сям’ёй жыў іншы шасцігадовы хлопчык, Валодзя Навумюк. Амаль паўтара года яны жылі ў адной вёсцы, а пазней іх шляхі яшчэ не раз перасякаліся дзякуючы мастацтву.
«Праз 85 год пасля той першай сустрэчы прапануем паглядзець на іх творчасць праз тое, што для абодвух было асабліва важным. Гэта Рака, яе рытм, людзі над Нарвай, беларуская праваслаўная ідэнтычнасць. Гэта Лес, святло і цень, беларуская гісторыя і сузіранне велічы пушчы. Два творцы, дзве розныя мастацкія мовы і прырода, з якой кожны з іх вядзе сваю размову», — пішуць арганізатары выставы.
У вёсцы Канюкі Уладзімір Навумюк жыве і сёння. Ён стаў адным з найбольш вядомых народных мастакоў Беласточчыны. З малых гадоў займаўся разьбой па дрэве: рабіў драўляныя фігуры, цацкі і разьбяныя дэкаратыўныя элементы. З 1960-х гадоў, калі яго талент заўважыў прадстаўнік беластоцкай «Цэпеліі», разьба стала яго асноўным заняткам. У скульптурах Навумюка паўстае свет падляшскай вёскі, жывёлы, людзі, якіх ён памятае з дзяцінства: рыбакі, плытагоны, сейбіты, цесляры, музыкі і жнеі. Важнае месца займае таксама праваслаўная рэлігійная тэматыка.
Віктар Кабац — мастак, графік і скульптар, выпускнік факультэта выяўленчых мастацтваў Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні. Шмат гадоў працаваў настаўнікам выяўленчага мастацтва, арганізоўваў пленэры і актыўна ўдзельнічаў у мастацкім жыцці рэгіёна. З’яўляецца аўтарам шматлікіх манументальных і сакральных прац, у тым ліку створаных для цэркваў у Беластоку і Гайнаўцы.
Галоўная тэма яго жывапісу – Белавежская пушча. Таксама ён звяртаецца да тэм беларускай і польскай гістарычнай памяці, у тым ліку высылкі ў Сібір, месцаў паўстанняў і расстрэлаў у Белавежскай пушчы, матыву бела-чырвона-белага сцяга і Курапатаў. Так яго творчасць становіцца мастацкім каментарыем і адначасова формай ушанавання тых, хто загінуў, а таксама тых, хто і сёння змагаецца за захаванне ўласнай годнасці і памяці.
Пра Віктара Кабаца быў зняты фільм Якуба Станкевіча «Казка». 90-гадовы падляшскі мастак Віктар жыве ў маленькім дамку ў пушчы. Яго свет вельмі герметычны, бо гэта жыццё беларуса на Падляшшы, і жыццё мастака, якія адасабляецца ад будзённай рэальнасці і рэагуе на ўсе беды ўласнага роду – высяленні, пераследванні, расстрэлы. Гістарычныя раны, як свежыя, так і старыя, прычыняюць Віктару столькі болю, што ён павінен выказаць яго праз вобразы.
Art Białystok 2026 — кірмаш і форум сучаснага мастацтва, які аб’яднае мастакоў, галерэі, творчыя калектывы і аматараў мастацтва з Польшчы, Беларусі і Літвы. На арт-кірмашы таксама ўдзельнічаюць беларускія творцы Таццяна Козік і Аляксандр Некрашэвіч.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram