На Падляшшы стартаваў фэст TUTAKA 2026

На ўрочышчы Барык каля Гарадка распачаўся фэст вольнай беларускай культуры TUTAKA 2026. Пасля ўчорашняга «нулявога дня», калі госці ўладкоўвалі намётавы гарадок, сёння, 17 ліпеня, стартанула насычаная праграма: ад дыскусій пра будучыню Беларусі да вяртання рок-легенд Беласточчыны.

Сёлетні фэст, які ладзіць Фонд TUTAKA, абяцае стаць кропкай прыцягнення для беларусаў розных хваляў і пакаленняў.

Адной з чаканых падзей стане візіт Святланы Ціханоўскай, якая наведае паляну Барык, каб пагутарыць з гасцямі ў нефармальнай і цёплай атмасферы вольнага фэсту.

Музычнае напаўненне «Тутакі» сёлета здзіўляе гучнымі камбэкамі выканаўцаў, якіх даўно не было чуваць на вялікіх фэстах. Вяртаюцца: рок-гурт RIMA — галоўны голас беларускай Беласточчыны, які пакажа пасля доўгай паўзы, як падляшскі рок гучыць сёння, а таксама рэпер Vinsent.

Разам з імі на сцэну выйдуць іранічныя гарадскія рамантыкі з «Разбітага сэрца пацана» (РСП) і драйвовыя «Дзецюкі».

Пры гэтым на фэсце моцна прагучыць і самабытны жаночы голас: за гэты бок праграмы адказваюць этна-электронная «заклінальніца змей» Анастасія Рыдлеўская і смелы праект Chornabrova, якія пакажуць усю глыбіню сучаснага беларускага гуку.

Пры гэтым паляна Барык традыцыйна застаецца не проста канцэртнай пляцоўкай, а бяспечнай прасторай для супольнасці, дзе ваенная муштра касінераў і варштаты па інклюзіўнасці суседнічаюць са стэндамі беларускіх НДА і грамадскіх ініцыятыў.

Што і дзе паслухаць сёння? (Пятніца, 17 ліпеня)

Грамадства і палітыка

13:20–14:30 (Namiot TAŁAKA) Колькі беларусаў у Еўропе? Даследаванне міграцыі ад Народных амбасадаў прэзентуюць Вадзім Мажэйка і Анастасія Свіркова.

13:20–14:50 (Namiot VIEDAKA) Не з нуля: як пачынаць жыццё ў эміграцыі пасля 40. Інтэрактыўная лекцыя Ірыны Сідорскай.

15:00–16:30 (Scena TUTAKA) «Гульня Мацкевіча». Размова з філосафам Уладзімірам Мацкевічам (мадэратары — П. Свярдлоў, А. Кныровіч).

17:00–18:30 (Scena TUTAKA) Круглы стол: ці магчымы польскі сцэнар 1989 года ў Беларусі? Дыскусія з удзелам П. Латушкі, Ф. Вячоркі, А. Брухана, Я. Вапы, А. Латышонка і М. Машкевіча.

18:30–20:00 (Namiot VIEDAKA) Беларусы ў Польшчы: ад адаптацыі да супольнасці. Дэбаты ў інтэрактыўным фармаце, дзе кожны глядач зможа стаць спікерам на роўных з Аляксандрам Кныровічам, Аляксеем Дзікавіцкім, Паўлам Станкевічам і іншымі.

Гісторыя, ШІ і рэлігія

10:00–13:00 (Scena TUTAKA)  Каласы пад сярпом ШІ. Адкрыты запіс падкаста пра штучны інтэлект і беларускую культуру з удзелам Аляксея «АйЦіБарады» Картынніка, Я. Яфімава і Э. Гаўрус.

15:10–16:40 (Namiot VIEDAKA) Паўстанне Каліноўскага — што гэта было? Гістарычная лекцыя-размова ад Васіля Калача.

17.00-18.00 (Namiot VIEDAKA) Ці ёсць у беларусаў свая Царква? Гутарка са святаром Аляксандрам Кухтам пра будучыню праваслаўя.

Творчасць, тэатр і майстар-класы

14:00–20:00 Этнафотасесіі з Ларысай Шчыраковай: прымерайце традыцыйныя строі Гомельшчыны і зрабіце фота на памяць.

Традыцыйныя варштаты:

Лялькі-мотанкі («жаданніцы»); Саламяныя конікі са Святланай Кучук; Спевы прыпевак «пад язык» з Вольгай Барышнікавай; Тэатральны варштат для падлеткаў ад Андрэя Саўчанкі.

Тэатральная чытка:

Сцэнічнае прачытанне кнігі Аляксандра Чарнуха «Свінні» ад лабараторыі «Вольная сцэна».

Камерныя сустрэчы з музыкамі: пагутарыць і пажартаваць з артыстамі можна яшчэ да іх выхаду на сцэну. Сустрэча з Анастасіяй Рыдлеўскай, з гуртам RIMA.

Музычная праграма (Сцэна TAMAKA)

Канцэрты першага дня пачнуцца пасля захаду сонца:

21:40–22:40 RIMA. Легендарны рок-гурт з Гарадка вяртаецца на сцэну пасля доўгай творчай паўзы.

22:40–23:40 Анастасія Рыдлеўская. Магічны перформанс на стыку індзі-попу, электронікі і фальклору.

23:40–02:20 ROOTS VIBRACJA Х DUB ROVAH. Рэгі, даб і магутныя басы да самай раніцы.

ВАЖНА: Сёлета правілы заезду змяніліся! Арганізатары звяртаюць увагу на тое, што першы абавязковы прыпынак для ўсіх — запраўка PRONAR (пін на мапе). Тут працуе check-in point, дзе трэба абмяняць або набыць квіток на бранзалетку. Без яе на тэрыторыю фэсту не пусцяць.

Пазнаёміцца з гідам па фэсту ад Reform.news можна тут.

Цалкам з праграмай можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!