На Падляшшы пройдзе Пяты фестываль беларускай спеўнай традыцыі «Сонцаграй»

Фонд «Тутака» абвясціў праграму пятага, юбілейнага фэсту «Сонцаграй» (SONCAHRAJ). Традыцыйнае мерапрыемства, якое ўжо пяты год запар знаёміць жыхароў і гасцей рэгіёна з беларускай музычнай і спеўнай спадчынай, сёлета як і заўжды разгорнецца на дзвюх кантрасных пляцоўках Беласточчыны — у самым цэнтры акруговага горада і ў аўтэнтычнай падляшскай вёсцы.

Арганізатары зазначаюць, што галоўная мэта фэсту — не проста прэзентацыя фальклору, а жывое знаёмства супольнасці з рознымі элементамі творчай спадчыны продкаў праз інтэрактыўныя фарматы.

Расклад фэсту і ўдзельнікі

Сёлета вандроўны фестываль ахопіць два дні і дзве лакацыі.

12 чэрвеня (пятніца), а 18:00 ў Беластоку адбудзецца афіцыйнае адкрыццё і гарадская праграма на Рынку Касцюшкі. Традыцыйная культура выйдзе ў публічную прастору сучаснага горада.

13 чэрвеня (субота), 17:00 фэст перамесціцца ў вёску Вілюкі (гміна Дубічы Царкоўныя). Гэтая частка праграмы будзе засяроджана на прыроднай лакацыі і скіравана на стварэнне максімальна аўтэнтычнай атмасферы.

На фестывалі «Сонцаграй» у мінулым годзе. Фота: Караліна Палякова.

Музычная і спеўная праграма SONCAHRAJ сфарміравана з удзелам фалькларыстаў і гуртаў з розных рэгіёнаў Польшчы, якія займаюцца рэканструкцыяй і захаваннем беларускага коду. Так, на фэсце выступяць:

  • BARVY — жаночая спеўная група з Гданьска;
  • слынная ŻEMERWA — студыя фальклору падляшскіх беларусаў са Студзіводаў, якая шмат гадоў даследуе мясцовую традыцыю;
  • KASARY — мужчынскі калектыў беларускага традыцыйнага спеву, які базуецца ў Варшаве;
  • Padlaski Wianok — танцавальны гурт дзяцей і моладзі, які дзейнічае пры Аб’яднанні АБ-БА ў Беластоку.
Так вяскоўцы сустракалі артыстаў у мінулым годзе. Гурт «Касары» таксама паспрабаваў каравай. Фота: Караліна Палякова.

Замест звыклых канцэртных выступаў «Сонцаграй» прапануе гасцям фармат супольнага дзеяння. У праграме заяўлены: жывая інструментальная музыка ад запрашаных музыкаў; аўтэнтычныя спевы, а таксама адмысловы супольны спеўны сход, да якога змогуць далучыцца ўсе прысутныя. Не абыдзецца фэст і без танцавальных варштатаў і традыцыйных патанцовак.

Акрамя таго, арганізатары звярнуліся да гасцей з прапановай падтрымаць адмысловы дрэс-код і прыходзіць на івэнт у нацыянальных строях (або выкарыстоўваць асобныя элементы — вышываныя кашулі, тканыя паясы), каб зрабіць народнае адзенне жывой часткай свята.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!