«Новы архітэктурны знак «Сцяг Радзімы», які адкрылі на гары Дзяржынскай, адзначыўся безгустоўнасцю і моўнымі памылкамі«, — піша «Наша Ніва».
Знак з дзяржаўным сцягам устанавілі ў найвышэйшым пункце Беларусі. Урачыстае мерапрыемства прайшло напярэдадні Дня дзяржаўнага сцяга, герба і гімна — 12 мая на гары Дзяржынскай.
У канцы 1990-х гадоў на гары была пастаўленая гранітная пліта з надпісам на беларускай мове: «Гара Дзяржынская. Вышэйшая кропка Беларусі. Вышыня 345 метраў над узроўнем мора». Цяпер жа на месцы каменя з’явілася металічная канструкцыя ў выглядзе стэлы на пірамідальным пастаменце, увянчаная закручаным чырвона-зялёным сцягам. Надпіс на пастаменце гучыць так: «Сцяг Радзімы. 345 м. Вышэйшая кропка Беларусі».
Надпіс скарацілі, але памылкі не выправілі, — зазначае «Наша Ніва». «Па-беларуску «кропка» — гэта заўсёды нешта графічнае, напрыклад, знак прыпынку ці проста крапінка, а пэўнае месца ў прасторы — гэта «пункт». «Вышэйшы» ў беларускай мове выкарыстоўваецца для абазначэння нечага галоўнага (вышэйшае камандаванне) або нечага, што ідзе наступным за сярэднім (вышэйшая адукацыя), а ў значэнні «самы высокі» выкарыстоўваецца найвышэйшая ступень параўнання — «найвышэйшы»».
Аўтарамі знака сталі мінскі архітэктар Армэн Сардараў і фаніпальскі майстар па метале Уладзімір Канонік.
Фундатарам выступіла прадпрыемства «Беларуснафта-Мінаблнафтапрадукт», што дазволіла стваральнікам абысці неабходнасць правядзення конкурсу эскізных праектаў, які з’яўляецца абавязковым пры фінансаванні з дзяржаўных крыніц.
Чаму знак назвалі безгустоўным? Прыземлены сілуэт, дзіўныя нелагічныя формы, што кепска спалучаюцца паміж сабой, фенаменальна непрафесійная шрыфтавая кампазіцыя з вялікімі прабеламі паміж словамі і мінімальнай прасторай паміж радкамі — усё сведчыць пра тое, што канструкцыю збіралі «на каленцы».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram