На месцы мінскага кінатэатра Дом кіно адкрылі Дом моладзі з офісамі БРСМ і піянерскай арганізацыі

2 ліпеня прайшло афіцыйнае адкрыццё Дома моладзі ў былым будынку Дома кіно, піша агенцтва «Мінск-Навіны». У будынак пераехалі гаркамы БРСМ і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі (БРПА).

Цяпер тут будуць праводзіцца прэзентацыі, сустрэчы, адукацыйныя і патрыятычныя мерапрыемствы.

Адкрыццё Дома моладзі. Фота: minsknews.by

Нагадаем, што ў апошні паказ адбыўся ў «Доме кіно» 30 красавіка. Пасля гэтага будынак перадалі ў распараджэнне беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ). Аб’ект перажыў невялікі рамонт, у ім з’явілася вялікая зала для правядзення мерапрыемстваў на 584 месцы. Тут усталявалі святлодыёдны экран з кулісамі, гукавое абсталяванне агульнай магутнасцю каля 50 кВт і больш за сто светлавых прыбораў. Унутры будынка абсталяваны перагаворныя зоны, каворкінгі і выставачныя пляцоўкі.

Інтэр’еры Дома моладзі. Фота: minsknews.by

Дом кіно, які доўгі час быў адным з цэнтрам культурнага жыцця, дзе праводзіўся шэраг знакавых кінапраектаў, ператварыўся ў прастору, адмыслова падрыхтаваную для ідэалагічнай працы.

Інтэр’еры Дома моладзі. Фота: minsknews.by

Напрыклад, у Доме кіно ў розны час праходзілі «Канаманія» з лепшымі фільмамі Міжнароднага Канскага кінафестывалю; InterFilmWostok з падборкай розных праграм кароткаметражных работ з міжнароднага Берлінскага кінафестывалю; «Фэст новага нямецкага кіно» з найбольш яркімі нямецкімі стужкамі; «Акно ў Венецыю» з найбольш яркімі кінакарцінамі, прадстаўленымі на міжнародным Венецыянскім кінафестывалі. «Кінаарт па-беларуску» (сумесны праект з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў) паказваў кароткаметражныя фільмы беларускіх аўтараў.

Адкрыццё Дома моладзі. Фота: minsknews.by

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая прымала ўдзел у адкрыцці новай установы, назвала моладзь стратэгічным рэсурсам і паведаміла, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для яе развіцця. «Вы — наша будучыня. Так было заўсёды, так ёсць і так будзе ў нашай краіне. Прэзідэнт надае вялікую ўвагу маладзёжнай палітыцы», — падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!