Сёння, у Дзень горада Мінска, археалагічны комплекс на рацэ Менцы, які знаходзіцца ля вёскі Гарадзішча, наведаў прэм’ер-міністр краіны Раман Галоўчанка. Пасля агляду месца раскопак глава ўрада агучыў планы па стварэнні тут музея, паведамляе тэлеграм-канал Урада Беларусі.
Прэм’ер-міністру былі прадэманстраваны знаходкі на архэалагічным комплексе, выяўленыя за апошні год. Гэта кісцень з княскім знакам, дырхам VIII-IX стагоддзяў, пацеры, кавалачак фаянсу, наканечнікі стрэл, розныя нажы, крэсівы, гандлёвыя пломбы дрыгічанскага тыпу. Таксама супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук пахваліліся знойдзеным скарбам сярэбраных вырабаў ХIII стагоддзя.
Археолагі таксама распавялі пра выяўленне драўляных зрубаў на гарадзішчы — іх аналіз дазволіць вызначыць, калі пабудова была зроблена.
«Менавіта ўзвядзенне валаў ператварае гэтае месца з простага паселішча ў горад», — патлумачыў загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Вайцяховіч.
Раман Галоўчанка па выніках справаздачы-экскурсіі агучыў планы па «выпрацоўцы канчатковай канцэпцыі музеіфікацыі і ўцягвання [комплексу] у шырокае грамадскае абарачэнне».
«Гэтае месца заслугоўвае таго, каб стаць яшчэ адной візітнай карткай горада, — сказаў ён. — Нягледзячы на тое, што яно знаходзіцца па-за межамі гарадской тэрыторыі, помнік непарыўна звязаны з гісторыяй нашай сучаснай сталіцы — горада Мінска. Тут трэба вырашыць і юрыдычныя пытанні, і фінансавыя, арганізацыйныя. Пакуль думаем, што гэта будзе філіялам Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі».
Археалагічныя працы на рацэ Менцы сёлета будуць працягвацца. Запланаваны даследаванні і на наступны год. Варта адзначыць, што на раскопках працавалі не толькі супрацоўнкі Акадэміі навук, але і на валанцёрскіх пачатках мінчане.