На «Лістападзе» спецыяльны прыз Лукашэнкі ўручылі расійскаму Z-артысту Дзмітрыю Пяўцову

Расійскі Z-артыст Дзмітрый Пяўцоў атрымаў спецыяльны прыз Аляксандра Лукашэнкі «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» на цырымоніі адкрыцця Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», якое адбылося сёння, 31 кастрычніка, у Палацы Рэспублікі.

«Служу беларуска-расійскаму мастацтву», — падзякаваў зорка фільма «Па мянушцы Звер», прымаючы ўзнагароду на ўрачыстай цырымоніі, перадае БелТА. Праўладны актор, які знаходзіцца пад персанальнымі санкцыямі за падтрымку ўварвання Расіі ва Украіну і прапаганду вайны, сімвалічна выканаў на сцэне дзве песні: «Ты меня на рассвете разбудишь» Аляксея Рыбнікава і «Город, которого нет» Ігара Карнелюка.

Акрамя Пяўцова, на імпрэзе таксама прысутнічалі расійскія госці: Карэн Шахназараў, Ірына Пегава, Марыя Шукшына, Валянціна Цялічкіна. Ад Беларусі праўладны блок творцаў закрываў Уладзімір Гасцюхін.

Віцэ-прэм’ер Наталля Пяткевіч на цырымоніі адкрыцця зачытала віншаванне з пачаткам кінафорума ад Аляксандра Лукашэнкі.

«Разнастайныя фестывальныя праграмы і творчыя праекты адкрываюць шырокія магчымасці для культурнага дыялогу паміж краінамі. Аб’ядноўваюць мэтраў і аматараў кінематографа, нахтняюць на пошук новых ідэй і вобразаў», — адзначалася ў ім.

Між тым тэлеграм-канал «Священный Белавуд» ўчора падлічыў колькасці фільмаў ад розных краін, прадстаўленых на падзеі. Высветлілася, што найбольш працэнт кіно на «Лістападзе» ад Расіі — 67 стужак. Другое месца займае Беларусь — 32 стужкі, трэцяе — Францыя — 17 стужак. Такім чынам, культурны дыялог пераважна будзе весціся з расійскім уплывам.

Нагадаем, што сёння ў праграму кінаагляду, згодна з інфармацыяй фестывалю, увайшлі 157 фільмаў з 41 краіны. Беларускае кіно прадстаўлена ўва ўсіх васьмі секцыях.

Стужка кінастудыі «Беларусьфільм» пра акадэмічнае веславанне «Пераломны момант» адкрывала фестываль, які пераважна прадстаўляе расійскае кіно.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!