Стала вядома, што на інтэрнэт-аўкцыёне ў Германіі выстаўленыя на продаж эскізы-праекты алтарных роспісаў касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску, выкананыя мастаком Юзафам Тэафілам Смалінскім (Józef Teofil Smoliński, 1865-1927), піша @spadczyna.
Адзін з гэтых эскізаў зводзіць разрозненыя выявы ў адзіную кампазіцыю.
Па цэнтры ў нябёсах намаляваны Хрыстос, пад ім — выява Чырвонага касцёла. Хлопчык з дзедам — гэта Сямён Вайніловіч і ягоны заступнік Святы Сымон. Насупраць укленчаная дзяўчына гэта Алена Вайніловіч.
Шматлікія партрэты жанчыны ў масіўнай кароне — гэта пошук вобразу Святой Алены, маці імператара Канстанціна, якая адшукала Труну Божую і Жыватворны Крыж, які трымае ў руках. Сярод падборкі малюнкаў мастака ёсць «мужчынскі партрэт», які, калі паглядзець на іншыя эскізы, насамрэч партрэт Алены Вайніловіч.
Самая цікавая выява з гэтых кампазіцый — малюнак Залатой Горкі.
Гэтыя работы яшчэ раз нагадваюць, чаму Чырвоны касцёл не толькі помнік неараманскага стылю, але і помнік мадэрну.
«Вельмі важна сёння выкупіць гэтыя малюнкі, бо яны рэдкі прыклад мадэрнавага мастацтва на Беларусі. Знойдзем ці не мы гэтыя роспісы калісьці ў самім касцёле — пакуль невядома, а так хоць будзе нейкае сведчанне той эпохі,» — робяць выснову ў допісе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram