«Сонцастаянне»-2024. Фота: smartpress.
Шатландскі рок-гурт Nazareth не прыедзе на летні рок-фестываль у Пружаны, які пройдзе 27-28 чэрвеня. Група паведаміла пра гэта на старонцы ў Facebook: «Пасля столькіх выдатных паказаў у Беларусі за апошнія больш, чым 25 гадоў, нам асабліва цяжка абвясціць аб сваёй адмове ад удзелу ў фестывалі «Сонцастаянне», — пішуць музыкі на сваёй старонцы. Яны тлумачаць, што віной таму «абставіны, якія не залежаць ад нас», і спадзяюцца на выступ у 2026 годзе.
Арганізатары фестывалю тлумачаць адмену выступу станам здароўя некаторых удзельнікаў, але гэта не пацвярджаецца фактамі: гурт працягвае еўрапейскі тур.
У Instagram фестывалю гледачы абураюцца: многія з іх купілі квіткі толькі праз Nazareth. «Мы цяпер як Іран, непажаданая краіна для наведвання. Да нас можа прыехаць толькі той, хто можа прыехаць у Расію. А Расію цяпер ехаць гэта зашквар», — піша адзін з каментатараў.
Фестываль «Сонцастаянне» праводзіцца ў Пружанах ужо другі год. На ім выступяць пераважна расійскія выканаўцы, у тым ліку тыя, хто адкрыта падтрымлівае вайну ва Украіне. Першы фестываль меў падобны бэкграўнд. Пра яго мы пісалі тут.
Арганізуе «Сонцастаянне» Брэсцкая абласная філармонія. Вядома, што да фестывалю датычны адзін з «кашалькоў» Лукашэнкі — бізнесовец Аляксандр Зайцаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram