На фестывалі PRADMOVA адбылося ўручэнне прэміі імя Алеся Адамовіча і Францішка Багушэвіча. Хто лаўрэаты?

Сёння на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA былі абвешчаны імёны лаўрэатаў дзвюх слынных прэмій Беларускага ПЭНа — прэміі імя Алеся Адамовіча, якая вылучае аўтараў і аўтарак найлепшых публіцыстычных твораў, прысвечаных актуальным праблемам сучаснасці, і прэміі імя Францішка Багушэвіча — якая традыцыйна ўручаецца за выдатную гістарычную прозу.

Так, пераможцамі прэміі імя Алеся Адамовіча сталі: Ганна Кандрацюк за кнігу «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы». Журы сфармулявала адметнасць твору аўтаркі тыднёвіка беларусаў Польшчы «Ніва» наступны чынам — «за актуалізацыю традыцый еўрапейскага рэпартажу».  “У прысценку старога лесу» — гэта зборнік рэпартажаў, якія Ганна Кандрацюк здзяйсняе па Беласточчыне з 1990-х гадоў. Паводле журналісткі, кніга – гэта падарожжа праз час і прастору.

Гэтаксама прэміяй імя Алеся Адамовіча была ўганаравана кніга турэмных расказаў Максіма Знака «Зэкамерон», якую беларускі юрыст напісаў будучы ў зняволенні. «За чалавечую годнасць, свабоду думкі і творчасці ў нечалавечых умовах» — так гучала абгрунтаванне журы вылучыць твор.

Пераможцай жа прэміі імя Францішка Багушэвіча была названа гісторык і даследчыца Таццяна Астроўская. Нагадаем, што сёлета манаграфія аўтаркі «Культура і супраціў. Iнтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у Савецкай Беларусі (1968-1988)» была таксама адзначана прэміяй міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі за найлепшыя навуковыя публікацыі. Даследаванне Таццяны Астроўскай прысвечана культурніцкаму змаганню з аўтарытарызмам у 1960-я – 1980-я гады.

Дададзім, што прэмія імя Францішка Багушэвіча – штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1994 годзе. Яна традыцыйна ўручаецца за выдатную гістарычную прозу аўтарам і аўтаркам кніг, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!