На фестывалі «Блізкі Усход» у Любліне «Вольныя Купалаўцы» ў дзень вызвалення палітвязняў паказалі пастаноўку «Экстрэмісты»

Паказ адной са знакавых пастановак «Вольных Купалаўцаў» па п’есе Юлі Цімафеевай «Экстрэмісты» 13 снежня адбыўся на фестывалі «Блізкі Усход» у Любліне. Спектакль у рэжысуры Аляксандра Гарцуева ішоў на сцэне ў дзень вызвалення беларускіх палітвязняў разам з пастаноўкай «Валізка» паводле твору Малгажаты Сікорскай-Мішчук.

Пастаўленыя летась на сцэне Драматычнага тэатра ў Варшаве, «Экстрэмісты» для «Вольных Купалаўцаў» сталі тым спектаклем, у якім тэатр у выгнанні працягнуў пасля  «Зэкамерону» паводле апавяданняў Максіма Знака лінію адкрытага палітычнага выказвання.

Аўтарка п’есы Юля Цімафеева ў сваім творы паставіла мэту — нагадаць пра беларускіх палітзняволеных, пра якіх забываюцца ў свеце, і праз гісторыю сваёй сям’і паказала іх жыццё ўнутры турмы. Аўтарка выбудавала тры планы, тры лініі, якія паміж сабой амаль не перасякаюцца. Аднак рэжысёр Аляксандр Гарцуеў некалькі сюжэтаў усё ж злучыў.

Сцэна са спектакля. Фота: сацсеткі Юлі Цімафеевай.

«Гэта важны этап у развіцці групы: даспяванне да ўнутранай вольнасці, да ўнутранага дазволу на такі тэатр. Бо «Купалаўцы» заўсёды дбалі найперш пра мастацтва. А аказваецца, што такое найпроставае палітычнае выказванне — яно таксама пра мастацтва. І дакументальны тэатр — не палітінфармацыя. І яны справіліся з гэтым матэрыялам на выдатна», — ацэньвае гэту пастаноўку ў гісторыі незалежнай тэатральнай групы тэатразнаўца Ірына Лапо.

«Дзякуй вялікі акторкам і акторам Зоі Белахвосцік, Аляксандру Зелянко, Сяргею Чубу і Кацярыне Яворскай за эмацыйнае ўвасабленне персанажаў! — падзялілася ў сацсетках уражаннямі ад паказу на сцэне Цэнтра культуры ў Любліне аўтарка п’есы, паэтка Юля Цімафеева. — Гэта ўжо трэцяе прачытанне п’есы на сцэне. На жаль, расказанае ў гэтым тэксце дагэтуль не губляе сваёй актуальнасці. А тое што паказаныя «Экстрэмісты» былі ў дзень, калі беларускія ўлады адпусцілі на волю і тут жа выкінулі з краіны больш за сотню спакутваных людзей, надало п’есе яшчэ большага драматызму… І я бачыла слёзы на вачах гледачоў».

Сцэна са спектакля. Фота: сацсеткі Юлі Цімафеевай.

Нагадаем, што 13 снежня мінулага года саму незалежную тэатральную трупу беларускі рэжым прызнаў «экстрэміцскім фарміраваннем».

Сёння фестываль «Блізкі Усход», які ў гэтай эдыцыі прысвечаны творчасці «Вольных Купалаўцаў», падыходзіць да завяршэння. Кульмінацыяй падзеі 14 снежня стане паказ спектакля «Дзяды» ў пастаноўцы польскага рэжысёра Паўла Пасіні.

«Спектакль, выпуск якога быў пад знакам пытання праз пачатак вайны, стаў часткай нашай гісторыі і нават вызначыў наш шлях», — адзначаюць артысты.

Усе спектаклі «Купалаўцаў» на фестывалі ідуць з аншлагам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!