На буйным фестывалі мастацтваў у сталіцы Шатландыі пакажуць рэпрадукцыі малюнкаў беларускіх палітвязняў

Незалежная нямецка-швейцарская няўрадавая арганізацыя, якая займаецца абаронай правоў чалавека ў Беларусі і Украіне, Libereco ў супрацы з Народным консульствам Беларусі ў Шатландыі пакажа два праекты ў падтрымку беларускіх палітвязняў на буйным фестывалі мастацтваў Fringe, што сёння распачаўся ў Эдынбургу, сталіцы Шатландыі.

Арт-інсталяцыя «Галасы, якія праціскваюцца праз краты» размясцілася ў двары Summerhall: імёны больш за 1400 палітвязняў пазначаны на асобных аркушах на англійскай і беларускай мовах. «Гэтая экспазіцыя плошчай амаль 50 квадратных метраў пераканаўча паказвае маштабы палітычнага прыгнёту ў Беларусі, паколькі кожная этыкетка ўвасабляе гады зняволення, страчаныя надзеі, дэпрэсію, дрэннае здароўе і зламаныя жыцці столькіх невінаватых людзей. Але таксама сімвалізуе мужнасць і непадпарадкаванне тысяч беларусаў, якія не паддаліся спробам рэжыму Лукашэнкі прымусіць людзей замаўчаць і задушыць любое іншадумства», — паведамляе Libereco.

Рэпрадукцыі малюнкаў беларускіх палітвязняў у будынку Summerhall. Фота: libereco.

У будынку Summerhall на адной сцяне вывешана 15 рэпрадукцый малюнкаў беларускіх палітвязняў. Яны ніколі не прызначаліся для публічнага паказу, бо былі ўкладзеныя ў лісты з турмы родным і блізкім.

Фестываль мастацтваў Fringe пройдзе з 2 па 26 жніўня, у ім прымаюць удзел выканаўцы з 58 краін. Уключае ў сябе тэатральныя, музычныя, танцавальныя выступы і прадстаўленні для дзяцей. Выстава і інсталяцыя таксама будуць працаваць да 26 жніўня.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!