На Берлінале адбудзецца прэм’ера дэбютнай карціны беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі

«Лебядзіная песня Фёдара Озерава» — прэм’ера поўнаметражнага ігравога дэбюта беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі адбудзецца ў конкурсе «Форум» Берлінскага міжнароднага кінафестываля.

Карціна, створаная ў межах Інкубатара мікрабюджэтнага кіно ад незалежнай кінаінстытуцыі — Беларускай сеткі фільммейкераў, здымалася ў Варшаве. Праект Юрыя Сямашкі стаў пераможцам сцэнарнай лабараторыі Інкубатара і атрымаў зусім невялікае фінансаванне на вытворчасць поўнаметражнага дэбюту. І тым не менш стужка маладога рэжысёра прайшла адбор на адзін з найвядомых кінафорумаў свету.

У карціне галоўны герой — 25-гадовы Фёдар — шукае свой шчаслівы джэмпер з рамонкамі, які патрэбны яму для творчага натхнення. Фёдар хочаш знайсці гэты талісман, які дапаможа яму напісаць найлепшыя песні і стварыць гурт. Напружная палітычная абстаноўка і чуткі пра Трэцюю сусветную вайну, якія віруюць вакол, яго зусім не цікавяць. Пакуль у складаную сітуацыю не трапляе блізкі яму чалавек.

«У гэтым захапляльным рытмічным дэбюце кінакамедыя сустракаецца з міфалогіяй, а дасціпнасць супрацьстаіць вусцішы», — прадстаўляюць кіно беларускага Дэвіда Лінча, Юрыя Сямашкі, на сайце фестывалю.

Бэкстэйдж з фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава». Крыніца фота: сацсеткі Юрыя Сямашкі.

Рэжысура і сцэнар фільма — Юрый Сямашка.

У стужцы здымаліся беларускія акторы і акторкі: Вячаслаў Кміт, Віялета Рагачова, Павел Гарадніцкі, Анастасія Рысік, Аляксей Любчанка, Павел Міхаленя, Майк Мазур, Міхаіл Зуй, Дзмітрый Есяневіч (голас).

Прадзюсер — Кястуціс Драздаўскас. Аператар — Сяргей Кавалёў (які выступаў рэжысёрам і аператарам аднога з фільмаў у праеце «Артэфакты. Музей Вольнай Беларусі»).

Музыку да карціны пісаў гурт «Сінія горы». Таксама ў фільме гучаць песні бэндаў «Сербскі нож», «Разбітае сэрца пацана»; Вячаслава Клімта.

Краіна, якая пазначана асноўным вытворчым партнёрам фільма, — Літва.

Агульны бюджэт кіно склаў прыблізна 10-15 тысяч еўра.

Юрый Сямашка вядомы беларускай публіцы па іранічных і нешараговых ігравых і анімацыйных стужках — «Невольник жести», «Как я был Генерал», «Больно не будет», «Ультракороткие истории», «Смеццевая галава», «Кроў і караоке». У аўтара ёсць здольнасць у сваіх карцінах «прабіваць сцяну» ў іншую рэальнасць, ствараць літаральна з нічога іншае вымярэнне — адкуль і з’явілася параўнанне з Дэвідам Лінчам.

Постар да фільма.

Для беларускага кіно ўдзел у Берлінскім міжнародным кінафестывалі — пры адстунасці прыстойных фінансаваных укладанняў і падтрымкі дзяржавы — значнае дасягненне, якое адбылося дзякуючы працы незалежных беларускіх кінаінстутыцый, прадзюсараў, замежных партнёраў і волі і таленце беларускіх кінематаграфістаў.

Кадр з фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!